Рыбгасы абяцаюць выпусціць да 2012 году беларускую чорную ікру

02.04.2010 10:06
Архив Редакция

У 2012 годзе на прылаўках беларускіх крам можа з'явіцца не менш за 300 кілаграмаў чорнай ікры ад беларускіх асетраў. Пра гэта заявіў Ягор Нябеда, дырэктар участку "Рыбгас" "Новалукомскі" РУП "Чашніцкая ВЗК меліявадгас", якое і займаецца гадоўляй каштоўных парод рыбы.

Як распавёў кіраўнік рыбгаса, на сённяшні дзень прадпрыемству атрымалася стварыць «найбуйнейшае ў рэспубліцы маткавае пагалоўе каштоўных парод рыб», а за мінулы год выгадавана рэмантанта-маткавага статка і таварнай рыбы асетравых 35,5 тоны, стронгі 35,8 тоны, сома 4,8 тоны, перадае БелТА.

Разам з тым вытворчасць гэтай рыбы застаецца стратнай і нізкарэнтабельнай, адзначыў Ягор Нябеда. Па меркаванні дырэктара, паправіць сітуацыю можна за кошт «павелічэння вытворчасці, стварэння тавараправоднай сеткі і будаўніцтва ўчастку перапрацоўкі рыбы». «Запуск цэха перапрацоўкі дазволіць штогод вырабляць 34 тон філе свежай рыбы, каля 100 тон вяленай і рыбы халоднага вэнджання. На рэалізацыю гэтага праекта неабходна 3,8 млрд. рублёў», — заявіў ён.

«Па даручэнні старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Касінца, які першага красавіка знаёміўся з працай рыбаводчага ўчастку, будзе распрацавана праграма развіцця рыбгаса «Новалукомскі» і прадугледжана сістэма фінансавай падтрымкі вытворчасці рыбы», — распавёў дырэктар рыбгаса.

Как вам новость?
Головоломки