Рымашэўскі: беларускія ўлады ахапіла беспрэцэдэнтная паніка — відэа

16.06.2011 10:27
Архив

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі лічыць недапушчальным тое, што 15 чэрвеня ўлады горада перашкаджалі правядзенню мірнай акцыі ў цэнтры Мінску. "Уладу ахапіла беспрэцэдэнтная паніка і страх", - заявіў палітык.

Асабліва абуральным, на думку экс-кандыдата ў прэзідэнты, было тое, што праз ачапленне падыходаў да плошчы Свабоды вернікі не змаглі патрапіць да Свята-Духава кафедральнага сабора, паведамілі ў прэс-службе БХД.

«Гэта пераходзіць усялякія межы, калі ўлада пачынае баяцца вернікаў», — заявіў палітык.

Акрамя таго, Віталь Рымашэўскі лічыць, што ёсць усе падставы для судовых скаргаў на дзеянні міліцыі. «Яны ўвечары перакрылі праспект і іншыя вуліцы, людзі не змаглі патрапіць у крамы, рэстараны і кавярні, якія панеслі тым самым выдаткі значна большыя, чым 19 снежня», — растлумачыў палітык.

Як перадаваў Тэлеграф, у сераду, 15 чэрвеня, сотні мінчукоў сабраліся ў цэнтры горада на акцыю «маўклівай салідарнасці», якая стала ўжо традыцыйнай. Яе ўдзельнікі без лозунгаў, у мірнай форме спрабуюць выказаць пратэст ўраду, якое, на думку ўдзельнікаў акцыі, не можа вывесці краіну з зацяжнога крызісу. Аналагічныя акцыі прайшлі ва ўсіх рэгіёнах краіны, ёсць затрыманыя.