Рымашэўскі: гэта не тэлебачанне, а калгас

29.11.2010 14:46
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі незадаволены арганізацыяй тэлевыступаў кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. "Гэта не тэлебачанне, гэта проста калгас!", — заявіў ён у інтэрвію карэспандэнту Тэлеграфа, якое адбывалася каля дома палітыка. 


— Чаму Вы вырашылі ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі?
— Трэба было ісці і ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Іншай альтэрнатывы для «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», апроч таго, як вылучыць кандыдата з сваіх шэрагаў, проста не было. Такім чынам я быў вылучаны на ўнутрыпартыйным з’ездзе. У нас быў унутрыпартыйны праймэрыз, і сярод трох прэтэндэнтаў я набраў больш за палову галасоў у сваю падтрымку. Вось так я і стаў кандыдатам.

— Ці падтрымала Вашая сям’я Вашае вылучэнне кандыдатам? Ці былі якіясьці перасцярогі?
— Мая сям’я мяне заўсёды ўва ўсім падтрымлівае. Гэта мая жонка Наста і мая дачка Ева. Еве, праўда, толькі год і два месяцы, але яна мяне падтрымлівае заўсёды. Вось падрасце, і, я думаю, будзе ўдзельнічаць разам са мной у палітычных справах. Безумоўна, сям’і цяжка. І я вельмі ўдзячны Насце, што яна мяне падтрымлівае ўвесь час, таму што апошнія паўгады не хапае часу. Вельмі мала застаецца часу на сям’ю, на дачку. 

— Які сегмент беларускіх грамадзянаў Вы бачыце сваімі патэнцыйнымі выбаршчыкамі?
— Я ў гэтай кампаніі разлічваю на ўсіх сумленных людзей Беларусі. Я кажу гэта шчыра, таму што людзі зараз часта нават не глядзяць на перадвыбарчую праграму. Ім трэба бачыць чалавека, якому можна верыць, давяраць, які б іх не падмануў. Таму мы, безумоўна, разлічваем на тое, што мяне падтрымаюць хрысціяне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, моладзь. Мы будзем удзячныя ўсім астатнім, мы ж не абмяжоўваемся толькі гэтымі людзьмі. Калі паглядзець нават на склад нашай партыі, то ў нас вельмі шмат людзей з розных сацыяльных групаў. Там ёсць і моладзь, і пенсіянеры, і працоўныя, і інтэлігенцыя. Партыя вельмі разнастайная. Гэта значыць, што мы маем вялікі патэнцыял.

— Ці выказаліся якія-небудзь хрысціянскія Цэрквы, абшчыны ў Вашую падтрымку?
— Я спадзяюся, што мяне падтрымаюць усе вернікі Беларусі. Але афіцыйных царкоўных заяў не выпадае зараз чакаць, таму што ўсе канфесіі, і каталіцкая, і праваслаўная, і пратэстанцкія, знаходзяцца сёння пад ціскам з боку КДБ, выканкамаў. Таму мы з поўным разуменнем ставімся да іх стрыманай пазіцыі. 

— На што Вы робіце акцэнт у сваёй перадвыбарчай праграме?
— Грамадскае і палітычнае жыццё Беларусі павінна быць заснавана на хрысціянскіх маральных каштоўнасцях. Першае, што трэба зрабіць — гэта спыніць карупцыю. Спыніць карупцыю можна праз свабодныя выбары, праз мясцовае самакіраванне, праз тое, каб даць уладу людзям. Я веру, што беларусы годныя таго, каб ім даверыць уладу ў сваім горадзе, у сваім мястэчку. Мэраў гарадоў павінны людзі абіраць. Выбары не будуць сфальсіфікаваныя. 
Калі казаць пра эканамічныя рэформы, дык мы выступаем за сацыяльна-арыентаваную рынкавую эканоміку, максімальна спрыяльныя ўмовы для бізнэсу. Эканоміка будзе заснавана на высокіх даходах тых, хто працуе і плаціць падаткі. Але ў той самы час — максімальныя сацыяльныя гарантыі. Такая мадэль ёсць у Нямеччыне.
Што тычыцца вайсковай рэформы. Прафесійнае мабільнае войска, адмена абавязковай службы ў войску. Дастаткова будзе збораў працягласцю да шасці месяцаў з магчымасцю альтэрнатыўнай службы. 
Адукацыя. Далучэнне да Балонскага працэсу. Спыненне прыгоннага права размеркавання студэнтаў. Вяртанне ім нармальных стыпендый, льгот. Магчымасць мець бясплатную адукацыю для ўсіх, хто добра здаў іспыты, бо не ўсе беларускія сем’і могуць дазволіць платна вучыць дзяцей. Таксама мы збіраемся падтрымліваць беларускую культуру.
Мы будзем рэфармаваць пенсійную сістэму, ствараць эфектыўна працуючы пенсійны фонд. Пры тым, што мы прапануем, будзе вельмі лёгка зрабіць пенсіі сярэднееўрапейскага  ўзроўню: 20% акцый вядучых прадпрыемстваў (Беларуськалі, нафтаперапрацоўчыя заводы) аддаць у пенсійны фонд. Мы будзем ведаць, куды ідуць гэтыя грошы: на пенсіі нашым бацькам і ў будучым нам. 
Сістэма аховы здароўя. Будзе абавязковае медычнае страхаванне за кошт дзяржавы. Грошы, якія мы плоцім за нашае лячэнне, будуць ісці наўпрост дактарам, а не пералічвацца ў міністэрства аховы здароўя, дзе яны проста раскрадаюцца. Такім чынам, дактары будуць атрымліваць высокія заробкі і будуць жадаць лячыць людзей, а людзі будуць атрымліваць якасныя медычныя паслугі.

— А што тычыцца знешняй палітыкі?
— Знешняя палітыка Беларусі адгэтуль і назаўсёды павінна быць арыентавана выключна на інтарэсы Беларусі. Мне сорамна чуць, як многія кажуць пра праеўрапейскую альбо прарасійскую арыентацыю Беларусі. Як той, хто называецца прэзідэнтам, прыніжаецца перад Расіяй, як многія кандыдаты падзяліліся штучна на два лагеры з-за невялічкай падачкі Расіі ці Еўропы. Трэба верыць у беларускі народ, трэба годна сябе паводзіць, трэба не займацца палітычнай прастытуцыяй, выконваючы загады з Усходу ці Захаду. Мы захаваем сяброўскія, узаемавыгадныя, партнерскія, роўныя стасункі з Расіяй. У той самы час наша палітыка будзе скіравана на Захад. Беларусам будуць непатрэбны візы для ўезду ў Еўрапейскі звяз.
Беларусь — гэта сэрца Еўропы. Мы патрэбны Еўропе, без нас яна проста не пражыве, як без нас не пражыве і Расія. Трэба, нарэшце, зразумець, што мы жывем у годнай краіне. Беларусь — адна з 12 найбуйнейшых Еўрапейскіх дзяржаў. Нам трэба гэта памятаць і цаніць.

— Вы выступалі па тэлебачанні і па радыё. Як Вы ацэньваеце свой выступ, якасць аказання дадзенай «паслугі»?
— Нават на мінулых парламенцкіх выбарах у Магілёве на тэлебачанні была магчымасць тэлетэксту, а зараз у нас, у цэнтры Беларусі, гэтай магчымасці няма. Гэта не тэлебачанне, гэта проста калгас! Сябрам маёй даверанай групы дазволілі прысутнічаць. Але ня так шмат можна дапамагчы, калі чалавек знаходзіцца ў студыі, тым больш што на падрыхтоўку да прамога эфіру там было хіба толькі паўгадзіны. І, натуральна, гэтага малага. Увогуле, была нізкая якасць арганізацыі. Хаця людзі, якія былі навокал, стараліся зрабіць у тых умовах усё як мага лепей. Самае галоўнае, што ад іх патрабавалася — гэта не замінаць мне выступаць, таму некаторыя просьбы, як напрыклад, перасунуць асвятляльную апаратуру, засталіся па-за межамі ўвагі, без адказу.  

— Пачынаючы перадвыбарчую кампанію, БХД адначасова сцвярджала, што ў дадзенай сітуацыі будзе лягчэй вярнуць касцёл святога Язэпа вернікам. Ці ёсць якія-небудзь зрухі ў гэты бок, ці ўсё застаецца, як і было раней?
— Безумоўна, змены адбыліся. Гэтая праблема набыла палітычнае гучанне. Змянілася і стаўленне самога Касцёла. Заўважце, былі раней такія меркаванні, маўляў, «Можа гэты нам будынак не зусім патрэбны», а ўжо зараз агучваюць услых: «Так, гэты будынак, безумоўна, трэба вярнуць вернікам, трэба вярнуць Касцёлу». Гэта ўжо добра. Шмат хто даведаўся пра гэта і ўсе ведаюць, што гэта кепска. Нават праваслаўныя святары кажуць, што гэта здзек. Нягледзячы на тое, што я сам праваслаўны, я падтрымліваю вяртанне касцёла вернікам. Я лічу, што цэрквы і манастыры павінны належыць тым, хто іх засноўваў. Я лічу, што гэта толькі першы крок, і мы ўдала, досыць правільна ўсё зрабілі. Мы будзем і надалей гэтым усім займацца. Вернем касцёл святога Язэпа вернікам!

— Вы самі з Бабруйску. У Бабруйску вельмі моцная арганізацыя БХД. Там таксама існуе праблема з касцёламі, як з галоўным, парафіяльным, так і самым старым у горадзе. Ці прадпрымаюцца нейкія дзеянні па іх вяртанні?
— Трэба сказаць, што ў Бабруйску ўлада таксама патрохі ідзе на саступкі. Мясцовая наша арганізацыя займаецца многімі пытаннямі, безумоўна, мы сочым і за гэтым. Я думаю, што для канкрэтыкі Вам лепей запытацца ў нашай рэгіянальнай кіраўнічкі Таісіі Карпаўны Кабанчук.

— Якімі будуць Вашыя першыя крокі пры прыходзе да ўлады?
— На ўсе вядучыя пасады ў Беларусі мы прызначым прафесіяналаў. Зараз там знаходзяцца, каб не крыўдзіць, скажу вельмі мякка, вельмі лаяльныя дзейснаму кіраўніку дзяржавы людзі. І толькі па гэтым прынцыпе яны туды трапляюць. Адпаведна, карупцыя бязмерная. Яны не ўмеюць кіраваць ні банкамі, ні кампаніямі, ні прадпрыемствамі. 
Далей будуць рэформы ўсіх галінаў улады. Гэта прыняцце новых законаў, гэта свабодныя выбары ў парламент, гэта вяртанне да канстытуцыі, якая была незаконна адменена ў нашай краіне. 

— Якой будзе будучыня дзейснага прэзідэнта?
— Мы не будзем рабіць выключэнняў для дзейснага прэзідэнта. Для яго занадта было шмат выключэнняў зараз. Таму ніякай асаблівай увагі да яго персоны не будзе. Будзе як звычайны грамадзянін, роўны перад законам, роўны ў сваіх правах з іншымі. Помсціць камусьці мы не будзем, але роўнасць перад законам будзе для ўсіх. 

— Якія дзеянні Вы прадугледжваеце ў выпадку, калі не здолееце перамагчы на выбарах?
— Я планую стаць прэзідэнтам гэтай краіны 19-га (19 снежня — Тэлеграф) альбо трошкі пазней. Я ведаю, што ўлада будзе мяняцца ў бліжэйшы год. Лепей за ўсё было б, калі б дзейсны кіраўнік дзяржавы прызнаў сваю паразу 19-га чысла. Калі ён гэтага не зробіць, дык, безумоўна, загоніць краіну і сябе самога ў вельмі складанае становішча. Таму, чым хутчэй ён зразумее, што неабходныя змены, што ён не цар, не барын, а абраны адзін раз некалі даўно прэзідэнт, якога абсалютная большасць людзей не хоча бачыць на гэтай пасадзе, чым раней ён ціха сыдзе, тым лепей будзе для ўсіх. Таму ўлада ў гэтай краіне будзе мяняцца, і, безумоўна, мы будзем бараніць беларускі народ. Я, можа быць, скажу пафасныя словы, але гэта словы, якія адпавядаюць рэчаіснасці: трэба бараніць беларускі народ ад вымірання. Я гатовы супрацоўнічаць з усімі сумленнымі людзьмі, хто будзе на гэта працаваць, таму што беларускі народ фізічна і духоўна вымірае. Будзем ісці да ўлады, да перамогі!

— У сваім звароце да выбаршчыкаў Вы ўзгадвалі асобу Івана Нікітчанкі. Вы казалі, што будзеце дамагацца празрыстага даследвання яго згубы. 
— Так, гэтым мой штаб зараз займаецца.

— Ці ёсць якія-небудзь факты, каб сцвярджаць, што гэта была невыпадковасць?
— Трэба глядзець ці была гэта выпадковасць, ці не. Таму што гэта не той чалавек, смерць якога можна не заўважаць, у тым ліку праваахоўным органам. Таму, безумоўна, расследванне па гэтай справе павінна быць. Яно павінна даць высновы, і мы яго павінны пракантраляваць. Я нічога заўчасна не збіраюся казаць. Проста скажу, што тое, што зрабіў  гэты чалавек, усім нам трэбы ацаніць. Вельмі важныя рэчы пра тое, што хавае беларуская ўлада, ён данёс нават да мяне. Вялікая частка праграмы БХД узятая з працаў Івана Нікітчанкі. У яго была гатовая праграма па абароне беларусаў ад радыяцыі. Яе павінны ўзяць не толькі я. Я заклікаю ўсіх кандыдатаў узяць гэту праграму. І, канечне, гэтаму чалавеку трэба аддаваць належнае і пасля смерці, калі пры жыцці мы, як заўсёды, не здолелі гэтага зрабіць. Я кажу і пра ўладу ў першую чаргу, і пра навуковыя колы. Таму смерць гэтага чалавека і абставіны гэтай смерці павінны быць дасканала вывучаныя.

— І апошняе пытанне. Як бы Вы маглі ахарактарызаваць наш рэсурс Telegraf.by?
— Я вітаю ўсе незалежныя друкаваныя і інтэрнэт-рэсурсы. І, безумоўна, чым больш іх будзе, тым лепей. Я дзякую вам, за тое, што вы існуяце, за тое, што спрабуеце несці альтэрнатыўную інфармацыю. Гэта вельмі важна. Я таксама вас заклікаю даваць прыклад прафесійнай журналістыкі, таму што, скажу шчыра, журналістаў прафесійных у Беларусі адзінкі. Нават сярод незалежных выданняў, таму што часта мы бачым БТ (Беларускае тэлебачанне — Тэлеграф), толькі наадварот. Тыя ж самыя метады, знаходзяцца тыя ж самыя, у горшым сэнсе гэтага слова, прапагандысцкія брутальныя інфармацыйныя нагоды. 
Я хачу, каб журналістыка ў нас была іншая, каб быў нейкі журналісцкі кодэкс, які б выконваўся, каб падача інфармацыі была аб’ектыўнай і прафесійнай. Канечне, кожны чалавек суб’ектыўны. Прынамсі, я лічу, што чалавека трэба паважаць. Можна быць апанентам, можна бачыць колькі зла зрабіў чалавек, але Евангелле нас заклікае паважаць сваіх ворагаў. Часта вельмі журналісты пераходзяць межы і перастаюць таксама ў сваіх выказваннях быць прафесіяналамі, перастаюць паважаць людзей. І адпаведна пачынаюць жыць у тым духу. Журналіст — гэта вельмі адказная прафесія. Я жадаю вашаму рэсурсу, каб ён менавіта такім і быў. А мы будзем яго падтрымліваць, як прыйдзем да ўлады. 

— Дзякуй Вам за размову.
— Дзякуй.
Гутарыў Максім Гацак.

Как вам новость?
Головоломки