Рымашэўскі: на ўлады Беларусі можа паўплываць толькі эканамічны ціск

31.01.2011 17:44
Архив Редакция

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і былы кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі заявіў, што вызваленне арыштаваных у снежні магчыма толькі ў выпадку ўвядзення Еўрасаюзам эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі. "Увядзенне санкцыяў — вельмі балючы ўдар для ўлады", — лічыць ён. 

З такой заявай палітык выступіў, кажучы аб рэзалюцыі, якую 31 студзеня мае намер прыняць па беларускай сітуацыі Рада Еўрасаюза.

«Пасля 19 снежня пад следствам, у турме знаходзіцца большасць незалежных лідараў дэмакратычных сілаў Беларусі, працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных дэмакратычных рухаў Беларусі, журналісцкай супольнасці. Для іх вызвалення адзіным эфектыўным сродкам уздзеяння на ўладу з’яўляецца эканамічны ціск», — мяркуе Віталь Рымашэўскі.

Разам з тым, на яго думку, прысутнасць Расіі ў Беларусі ўсё больш узрастае, і гэта можа прывесці да страты рэспублікай суверэнітэту.

«Нам трэба добра разумець, што ўвядзенне Еўропай і ЗША ў аднабаковым парадку санкцый, асабліва эканамічных, супраць Беларусі непазбежна прывядзе — і часткова ўжо прывяло — да большай залежнасці ад Расіі. Тыя тэмпы, з якімі Расія павялічвае сваю прысутнасць у Беларусі, пагражаюць незалежнасці краіны, гэта смяротная небяспека для нашай краіны. Расія можа стаць інвестыцыйным манапалістам у Беларусі. А ў сучасным свеце страта эканамічнай незалежнасці — самая небяспечная для краіны, яна можа прывесці да страты суверэнітэту або проста ператварэнню краіны ў марыянетачныя прыдатак больш моцнай дзяржавы», — мяркуе сустаршыня БХД.

У дадзенай сітуацыі, па словах палітыка, Беларусь знаходзіцца перад выбарам: ахвяраваць незалежнасцю краіны або свабодай, здароўем і жыццём некалькіх чалавек.

«Для мяне асабіста тут выбару няма. Я ведаю, што немагчыма, ахвяруючы хоць бы адным чалавекам, здабыць шчасце для ўсяго народа. Калісьці габрэі ўжо паспрабавалі гэта зрабіць. Нагадаю, іх выбар быў такі: «лепш, каб адзін чалавек загінуў за народ, таму што прыйдуць акупанты-рымляне і захопяць нас». Так, усяго толькі аднаго Чалавека выдалі на смерць. Мы ведаем, чым гэта скончылася — у выніку ні незалежнасці, ні народа не засталося… Я не параўноўваю тых, хто знаходзіцца сёння за кратамі, з Хрыстом. Я проста ведаю, што ніхто не мае права ахвяраваць іншым чалавекам, чужым жыццём, здароўем, свабодай, хай і ў імя найвышэйшых мэтаў. У ахвяру кожны мае права прыносіць толькі сваю ўласную свабоду, дабрабыт, жыццё», — падкрэсліў ён.

Хрысціянскі дэмакрат упэўнены, што «пакуль хоць адзін чалавек будзе знаходзіцца за кратамі, кожны палітык, які сёння выказваецца супраць увядзення эканамічных санкцый, паводзіць сябе амаральна».

«Калі народ, а ў нашым выпадку — дэмакратычная эліта, а значыць, тыя, хто павінен несці альтэрнатыву існаму рэжыму, перш за ўсё каштоўнасную, будуць дзейнічаць тымі ж сродкамі, кіравацца тымі ж каштоўнасцямі, што і ўлада, то ў Беларусі не будзе нават малога шанцу на змены да лепшага», — заўважыў ён.

Палітык заклікае беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў не надаваць значэння таму, што тыя, хто знаходзяцца зараз пад арыштам, могуць быць іх палітычнымі апанентамі.

«Калі мы насамрэч, а не на словах жадаем вызвалення зняволеных — мы не можам выступаць супраць эканамічных санкцый. Зразумела, што гэта рабіць зараз вельмі небяспечна, бо можна таксама патрапіць пад рэпрэсіі. Таму можна зразумець пазіцыю тых палітыкаў ці прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якІя, выдумляючы розныя падставы, выступаюць супраць. Можна зразумець, але немагчыма апраўдаць», — заявіў Віталь Рымашэўскі.

Акрамя таго, працягнуў ён, такі ж выбар стаіць і перад еўрапейскімі палітыкамі.

«Прагматызм або маральнасць — спадзяюся, яны зробяць правільны выбар. Найлепшым было б, каб адначасова з увядзеннем санкцый Еўрапейскі саюз выпрацаваў стратэгію, накіраваную на процідзеянне спробам Расіі пазбавіць Беларусь эканамічнай і палітычнай незалежнасці», — падвёў вынік сустаршыня БХД.

Як ужо перадаваў Тедеграф, Еўрапейскія кіраўніка МЗС на пасяджэнні Рады Еўрасаюза па замежных справах, што адбудзецца 31 студзеня ў Брусэлі, не плануюць разглядаць пытанне аб увядзенні эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки