Рымашэўскі: не лічу, што я на свабодзе

05.01.2011 11:41
Архив Редакция

Экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, які пад ціскам КДБ адмяніў прэс-канферэнцыю пасля вызвалення з СІЗА, агучыў падрабязнасці свайго знаходжання пад вартай. "Я не лічу сябе на волі, пакуль у зняволенні знаходзяцца мае сябры і паплечнікі, іншыя кандыдаты", - заявіў ён.

У прыватнасці, палітык паведаміў, што яму могуць змяніць меру стрымання ў любы момант.

«4 студзеня ў 11:00 павінна была адбыцца мая прэс-канферэнцыя на гэты конт. Але ўчора, пасля таго, як я даў некалькі каментарыяў для «Нашай Нівы», мяне выклікалі ў КДБ і паведамілі, што мая прэс-канферэнцыя будзе разглядацца як парушэнне падпіскі пра неразгалошанне таямніцы следства. І што ў любым выпадку правесці яе мне не дадуць, а мая мера стрымання ў любы момант можа быць ізноў заменена на знаходжанне пад вартай», — заявіў былы кандыдат прэс-службе «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі».

Палітык выказаў падзяку ўсім тым, хто падтрымліваў яго падчас знаходжання пад вартай, а таксама яго сям’ю.

«Я дзякую ўсім, хто праявіў сваю салідарнасць з намі, хто выказаў сваю падтрымку. Я быў уражаны, колькі людзей перажывала за мяне, малілася, выказваючы словы падтрымкі маёй сям’і. Гэта быў для мяне прыемны сюрпрыз», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Ён прызнаўся, што не мае якога-кольвек плану адносна далейшых дзеянняў, аднак падкрэсліў, што будзе ўсімі сіламі дамагацца вызвалення астатніх арыштаваных па «справе аб масавых беспарадках».

«Цяжка казаць пра нейкія планы ў маім становішчы. Я буду рабіць усё, каб дамагацца вызвалення іншых затрыманых па гэтай справе. Сваё вызваленне я расцэньваю як маленькі шанец, як першы крок у напрамку вызвалення іншых затрыманых. У першую чаргу, гэта нашыя бліжнія — Павел Севярынец, але таксама і іншыя, не толькі хрысціянскія дэмакраты», — сказаў сустаршыня БХД.

Палітык згадаў таксама пра змест тлумачальнай, якую напісаў на імя кіраўніка дзяржавы.

«Я сапраўды пісаў такую запіску, але, на жаль, пра яе змест паведаміць не магу, паколькі я даў падпіску пра неразгалошанне таямніцы следства. Магу толькі запэўніць, што нічога такога, што магло б пашкодзіць іншым, я ў ёй не пісаў», — сказаў ён.

Па словах Віталя Рымашэўскага, «ніякія тлумачальныя лісты» не могуць змяніць яго палітычную пазіцыю.

«Усім сваім зламыснікам я кажу — не радуйцеся, а паплечнікам — не турбуйцеся, мая пазіцыя засталася нязменнай, яна такая, якой была да 19 снежня, 19 снежня і пасля 19 снежня. Такой яна застаецца і цяпер, і ніякія тлумачальныя лісты яе не зменяць. Я цяпер не магу агучваць многага, тым не менш, яшчэ раз падкрэсліваю, што мая пазіцыя застаецца ранейшай, такой, якая была агучана падчас выбарчай кампаніі. Я толькі ўмацаваўся ў той пазіцыі, якая ў мяне была раней», — заявіў ён.

Рымашэўскі: я не змог спыніць правакацыі, на Плошчы

Сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі лічыць, што падчас мітынгу 19 снежня «можна было зрабіць больш» для бяспекі ўдзельнікаў акцыі і прадухілення масавых беспарадкаў.

«Многія ставяцца да мяне як да героя: я зрабіў шмат, каб спыніць пагромы. Я, вядома, удзячны гэтым людзям за падтрымку, але, як лідар, я хачу сказаць: не важна, што я зрабіў. Важна, што я не змог усё-ткі спыніць правакацыі і зрабіць гэта да канца. І я нясу за гэта адказнасць, таму што ведаю, што можна было зрабіць больш. Прынамсі, пра сябе і за сябе я гэта магу казаць дакладна. Больш для бяспекі людзей, больш думаць не аб сваім іміджы, а пра тое, што будзе далей, пра людзей, якія прыйшлі на плошчу. І гэтага не хапала», — сказаў Віталь Рымашэўскі «Беларускім навінам».

Па словах палітыка, пасля спробы прадухілення масавых беспарадкаў, дапушчаных 19 снежні падчас мірнай акцыі апазіцыі, ён не чакаў, што апынецца ў следчым ізалятары КДБ.

«Калі я падыходзіў да дзвярэй, каб спыніць пагромшчыкаў, я чакаў толькі публічнай вымовы мне на інтэрнэт-рэсурсах як баязліўца і здрадніка і 10-15 сутак максімум», — адзначыў ён.

«За ўсе свае дзеянні і за ўсе свае словы да плошчы, падчас яе і пасля яе я нясу поўную адказнасць. Не трэба баяцца выглядаць асуджаным або засуджаным людзьмі. Важна рабіць тое, што ты лічыш правільным», — заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты.

Рымашэўскі: за маё здароўе ў ізалятары баяліся больш, чым я сам

Віталь Рымашэўскі мяркуе, што аб умовах знаходжання ў СІЗА «шмат казаць не варта», паколькі яго словы могуць быць не правільна расцэненыя у дачыненні да іншых зняволеных, аб падрабязнасцях утрымання якіх палітыку не вядома.

«Ну, я не ведаю аб стаўленні да іншых зняволеных. Хачу сказаць, што я чакаў нашмат горшага, таму што турма КДБ заўсёды пакідае ўражанне, што гэта 37-ы год і нешта жудаснае. Магу сказаць наконт здароўя, што за маё здароўе баяліся і турбаваліся больш, чым я сам», — сказаў Віталь Рымашэўскі.

Палітык таксама лічыць, што цяпер не варта разважаць пра памылкі апазіцыі, дапушчаныя на Плошчы.

«Вось калі б мы ўсе былі на волі ці, напрыклад, абвінавачанні былі прад’яўленыя толькі мне, то я б тады сказаў пра памылкі апазіцыі і іншых людзей. А да таго часу, пакуль людзі знаходзяцца ў зняволенні, я не буду гэтага каментаваць», — заявіў ён.

Рымашэўскі: «новыя лідары апазіцыі» — гэта нават не палітычная прастытуцыя

Віталь Рымашэўскі выказаў таксама сваё стаўленне да «новых лідараў апазіцыі», якія «гаспадараць на кухні, пакуль гаспадароў няма дома». Пра каго канкрэтна ідзе гаворка, палітык удакладняць не стаў.

«Дома часам жывуць не вельмі пажаданыя для гаспадароў жывёлы. Калі гаспадары дома, яны хаваюцца. А калі гаспадары сыходзяць з памяшкання, яны вылазяць з усіх шчылін і пачынаюць гаспадарыць на сталах, на кухні. І вось гэта я цяпер назіраю, на жаль, — у шэрагах беларускай апазіцыі знаходзяцца новыя лідары, або «новыя старыя» лідары. Вядома, нельга прыкрывацца словамі салідарнасці і дапускаць паскудства. Гэта нават ніжэй, чым палітычная прастытуцыя, гэта проста мярзота. Нельга, прыкрываючыся адзінствам, дапускаць пры гэтым такія рэчы, якія могуць паўтарыць сітуацыю 19 снежня і сітуацыю, якая можа быць яшчэ горшай», — заявіў ён.

На думку Віталя Рымашэўскага, яго вызваленне не можа выклікаць расколу ў партыі БХД.

«Раскол у шэрагі БХД многія людзі спрабавалі ўнесці і да 19 снежня. Мы цэнім той шлях, які быў пройдзены за гэтыя тры гады, і гэтага не атрымаецца», — адзначыў палітык.

Хрысціянскі дэмакрат заклікае беларусаў спадзявацца толькі на сябе, а не дапамогу іншых дзяржаў. «Надзея на Захад або Усход можа прывесці да катастрофы, калі наш лёс вырашаць без нас. Гэта будзе самай вялікай памылкай», — заявіў ён.