У выпадку, калі беларускія ўлады прымуць рашэнне будаваць беларускую АЭС на Астравецкай пляцоўцы з дапамогай спецыялістаў з Расіі, Беларусь "атрымае бомбу запаволенага дзеяння". Такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, які выступае катэгарычна супраць будаўніцтва АЭС.
На думку палітыка, пляцоўка пад будаўніцтва будучай беларускай АЭС не адпавядае ўмовам будаўніцтва атамных электрастанцый. «Яна знаходзіцца на мяжы тэктанічных пліт. У выніку землятрусу на ёй можа адбыцца выбух», — растлумачыў Віталь Рымашэўскі. Ён таксама выказаў недавер да расійскіх тэхналогіяў і тэхнічным магчымасцям расійскіх спецыялістаў будаваць АЭС, паведамілі ў прэс-службе БХД.
Палітык адзначыў, што, па падліках экспертаў, толькі эканамічныя страты ад аварыі на адной Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе «на сотні гадоў перавысілі даходы ад дзейнасці дзясяткаў АЭС». «Страты ж чалавечых жыццяў наогул невымерныя», — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
У сувязі з гэтым лідар БХД вітаў розныя беларускія грамадзянскія і міжнародныя ініцыятывы, якія выступаюць супраць будаўніцтва АЭС, у тым ліку заяву Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея I, які заклікаў адмовіцца ад атамных электрастанцый на карысць альтэрнатыўных крыніц энергіі. Сустаршыня БХД выказаў надзею на тое, што кіраўнікі дзяржаў, у тым ліку і Беларусі, прыслухаюцца да прызыва патрыярха.
Як раней перадаваў Тэлеграф, беларускія ўлады вядуць актыўную падрыхтоўку да будаўніцтва ўласнай АЭС. Так, Беларусь і Расія ўжо падрыхтавалі рамачнае кантрактнае пагадненне аб будаўніцтве АЭС. Праект ужо ўхвалены прэзідэнтам Беларусі. Згодна з планамі беларускага боку, ужо ў верасні 2011 года пачнецца будаўніцтва катлавана на Астравецкай пляцоўцы, а да 2017 года плануецца запусціць першы энергаблок станцыі.
На фоне нядаўніх падзей у Японіі, дзе ў выніку разбуральных землятрусаў і цунамі адбыліся выбухі на шэрагу АЭС, сябры Беларускай антыядзернай кампаніі звярнуліся да ўрада Беларусі з просьбай адмовіцца ад планаў будаўніцтва атамнай станцыі. Актывісты кампаніі заклікалі беларускія ўлады вынесці ўрок з японскай трагедыі, спыніць будаўніцтва АЭС і шукаць інвестыцыі на мадэрнізацыю традыцыйнай і развіццё аднаўляльнай энергетыкі.
Тым не менш, расійскі прэм’ер Уладзімір Пуцін 15 сакавіка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам запэўніў беларускія ўлады ў тым, што ступень абароненасці на будучай беларускай АЭС будзе значна вышэйшай, чым у Японіі. У гэты ж дзень бакі падпісалі пагадненне аб будаўніцтве беларускай атамнай станцыі.