Рымашэўскі: перамога Лукашэнкі будзе намаляваная ў першым туры

08.11.2010 16:22
Архив Редакция

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі ад незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі заявіў 8 лістапада на прэс-канферэнцыі, прысвечанай выпрацоўцы адзінай стратэгіі дзеянняў апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах, аб тым, што ўлады сфальсіфікуюць выбары і, што перамога дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі "будзе намаляваная ўжо ў першым туры".

«Сёння абсалютна ўсім зразумела, што выбары будуць сфальсіфікаваныя, што фальсіфікацыя рыхтуецца ўжо цяпер, што выбары не будуць свабоднымі», — адзначыў лідар БХД.

Як перадае карэспандэнт Тэлеграфа, палітык таксама адзначыў, што «рэальная перамога Лукашэнкі (Аляксандра Лукашэнкі — Тэлеграф) у першым туры сёння немагчымая». У сувязі з гэтым ён заклікаў не «заігрывацца ў спектакль, які разыгрывае рэжым Лукашэнкі».

Па словах Віталя Рымашэўскага, галоўнай мэтай дадзенай прэс-канферэнцыі было паказаць, што «хоць якое-небудзь мінімальнае адзінства апазіцыі сёння магчыма».

«Задача ў гэтым годзе падрыхтаваць плошчу (масавыя выступы пратэсту — Тэлеграф) так, каб нам не было сорамна за тое, як прайшлі гэтыя масавыя пратэсты, каб не паўтарыць памылак 2006 года. А менавіта ў тым выпадку, калі беларусы, якія ў абсалютнай большасці хочуць зменаў, не падтрымаюць існы рэжым, калі яны будуць масава выказваць свае пратэсты, выходзячы на Кастрычніцкую плошчу, мы павінны быць наперадзе, павінны змагчы кіраваць гэтым працэсам. Мы павінны быць здольнымі прыняць гэтых людзей у шэрагі сваіх партый, арганізацый, узначаліць гэтыя пратэсты, якія прывядуць, безумоўна, рана ці позна да змены дзейнга рэжыму», — адзначыў кіраўнік хрысціянскіх дэмакратаў.

Акрамя Віталя Рымашэўскага ў прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел і іншыя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі: лідар аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч і кіраўнік руху «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў. Прэтэндэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука прадстаўляў яе кіраўнік Анатоль Лябедзька.

Как вам новость?