Рымашэўскі сабраў неабходныя для рэгістрацыі 100 тыс. подпісаў

27.10.2010 17:16
Архив Редакция

Ініцыятыўная група за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты сустаршыні незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталя Рымашэўскага сабрала неабходныя 100 тыс. подпісаў. Пра гэта 27 кастрычніка паведаміў кіраўнік перадвыбарчага штаба патэнцыйнага кандыдата Павел Севярынец.

Як паведамілі ў БХД, найбольш актыўна за Віталя Рымашэўскага падпісваліся ў Мінску — тут сабралі каля 34,5 тыс. подпісаў. У Берасці ў падтрымку прэтэндэнта ад БХД сабралі 11,1 тыс. подпісаў, у Бабруйску — 8,3 тыс. подпісаў, у Гомелі — 6,8 тыс. подпісаў, у Віцебску — 5,6 тыс. подпісаў.

Па словах Паўла Севярынца, збор подпісаў у падтрымку Віталя Рымашэўскага ініцыятыўная група працягне да 29 кастрычніка, апошняга дня, адведзенага на гэта Цэнтрвыбаркамам.

Больш за 100 тыс. подпісаў сабралі 11 прэтэндэнтаў

Такім чынам, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі 100 тыс. подпісаў сабралі ўжо адзінаццаць прэтэндэнтаў. Так, як раней перадаваў Тэлеграф, 26 кастрычніка аб пераадоленні стотысячнай мяжы паведамілі індывідуальны прадпрымальнік з Віцебску Уладзімір Правальскі і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

На дзень раней, 25 кастрычніка, аналагічныя заявы зрабілі лідар аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч і дырэктар ТДА «Трывіум» Дзмітры Ус.

Акрамя таго, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты подпісы сабралі ініцыятыўныя групы дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука, лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава і старшыні Савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктара Цярэшчанкі.

Как вам новость?