Рымашэўскі хоча падаць у пракуратуру скаргу на Макея

14.12.2010 12:53
Архив Редакция

Выбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віталя Рымашэўскага рыхтуе скаргу ў пракуратуру на кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея. Кандыдат у прэзідэнты хоча, каб пракуратура праверыла нядаўнія заявы чыноўніка, зробленыя ў тэлевыступе, на адпаведнасць беларускаму заканадаўству.

Так, на думку Віталя Рымашэўскага, некаторыя выказванні Уладзіміра Макея не адпавядаюць рэальнасці і з’яўляюцца фактычна паклёпам, перадае «Народная Воля«

«Мяне здзівіў яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты, які заклікае нас усіх жыць у адпаведнасці з хрысціянскімі запаведзямі — не забі, не крадзі, не хлусь. І ў той жа час мае знаёмыя працуюць у шостай гімназіі горада Мінску. Некалькі дзён таму выступаючы там, ён заяўляе, што мы павінны выйсці на Плошчу і дзейнага прэзідэнта, калі ён не захоча сысці з гэтай пасады, можа спыніць толькі куля расійскага снайпера. Дык дзе хрысціянская мараль, дзе хрысціянскія запаведзі ў гэтым плане?!», — заявіў у тэлеэфіры Уладзімір Макей.

«Уладзімір Макей як чыноўнік высокага рангу павінен разумець, што нельга давяраць плёткам, якія распаўсюджваюць хай і яго знаёмыя», — адказаў на гэтую заяву Віталь Рымашэўскі.

Рымашэўскі: улада адваліцца з цела беларускага народа як п’яўка

«Мы яшчэ раз падкрэсліваем, што нам не патрэбна крывавая рэвалюцыя ў нашай краіне. Беларускаму народу дастаткова перастаць карміць гэтую ўладу і яна адваліцца як п’яўка з цела беларускага народа», — заявіў кандыдат у прэзідэнты.

Разам з тым Віталь Рымашэўскі адзначыў, што па-чалавечы ён можа зразумець Уладзіміра Макея. «Ён адчувае цяпер велізарны ціск ад свайго непасрэднага начальніка, бачыць прыклады чыноўнікаў высокага рангу, якія выконвалі сумленна сваю працу і апынуліся за кратамі», — адзначыў палітык.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у суботу, 11 снежня, Уладзімір Макей акрамя негатыўнай ацэнкі дзейнасці некаторых кандыдатаў таксама заявіў, што беларуская апазіцыя рыхтуецца да арганізацыі беспарадкаў, у тым ліку з прымяненнем выбухоўкі, пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць 19 снежня.

Как вам новость?
Головоломки