Рымашэўскі: хваля рэпрэсій супраць апазіцыі ўзмоцніцца

13.04.2011 17:11
Архив Редакция

Былы кандыдат у прэзідэнты ад незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі перакананы, што пасля тэракту ў мінскім метро беларускую апазіцыю чакае "новая хваля рэпрэсій, яшчэ большая, чым пасля 19 снежня". Дзеянні кіраўніцтва краіны, якое ініцыюе "зачыстку па ўсіх напрамках", у тым ліку і допыты прадстаўнікоў апазіцыі, лідар БХД лічыць недальнабачнымі.

«Калі мэта гэтага выбуху — унесці раскол і канфрантацыю ў грамадства, то тады атрымліваецца, што ўлады ідуць на паваду ў гэтых невядомых заказчыкаў, хто б гэта ні быў, — цытуе Віталя Рымашэўскага сайт АДС.

Палітык перакананы, што трагічныя падзеі 11 красавіка павінны з’яднаць беларускае грамадства. Па словах Віталя Рымашэўскага, кропкі судакранання могуць знайсці і ўлада і апазіцыя, бо «няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё».

Вячорка: улада будзе «закручваць палітычныя гайкі»

«Тое, што заяўлена пра апазіцыйных палітыкаў, ад якіх, трэба атрымліваць інфармацыю аб выканаўцах — гэта вельмі трывожна. Гэта пацвярджае самыя змрочныя прагнозы, што ўлада будзе выкарыстоўваць гэтую сітуацыю для «закручвання палітычных гаек», — заявіў у сваю чаргу іншы беларускі апазіцыйны палітык Вінцук Вячорка.

У той жа час ён адзначыў, што якія-небудзь новыя метады барацьбы з апазіцыяй беларускія ўлады шукаць, хутчэй за ўсё, не будуць. «Пасля 19 снежня былі выкарыстаны ўсе магчымыя, за выключэннем самых крайніх, метады барацьбы за ўладу супраць любога іншадумства», — растлумачыў палітык свой пункт гледжання.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, 13 красавіка кіраўнік дзяржавы заявіў аб раскрыцці тэракту ў мінскім метро. Ён паведаміў, што праваахоўныя органы затрымалі выканаўцаў выбуху, але перакладаць праваахоўныя органы на звычайны рэжым працы прэзідэнт пакуль не спяшаецца. Ён паставіў перад кіраўнікамі сілавых ведамстваў задачу — правесці «зачыстку па ўсіх напрамках» і дапытаць па справе аб тэракце прадстаўнікоў апазіцыі, якія, па яго словах, «вінавацілі каго толькі можна».

Как вам новость?