Рымашэўскі заклікаў беларусаў да байкоту расійскіх тавараў

27.01.2011 12:43
Архив Редакция

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі лічыць, што заключаныя кантракты на імпарт расійскай нафты Беларусі невыгодныя, а намер Расіі будаваць беларускую АЭС без міжнароднага кантролю пагражаюць экалагічнай катастрофай. У гэтых умовах палітык заклікае беларусаў байкатаваць расійскія тавары. 

Сваё рашэнне экс-кандыдат у прэзідэнты аргументуе тым, што ў дадзеных умовах «Беларусь трапляе ў кабальную залежнасць ад Расіі», паведамляе прэс-служба БХД.

«Тыя тэмпы, з якімі Расія павялічвае сваю прысутнасць у Беларусі, пагражаюць незалежнасці краіны, гэта смяротная небяспека для нашай Радзімы. Расія можа стаць інвестыцыйным манапалістам у Беларусі. А ў сучасным свеце страта эканамічнай незалежнасці — самая небяспечная для краіны і можа прывесці да страты суверэнітэту. А будаўніцтва Расіяй беларускай АЭС без кантролю міжнароднага грамадства, ненадзейныя расійскія тэхналогіі, тым больш ва ўмовах заклікаў да паскарэння і пры камуністычных падыходах да будаўніцтва — гэта яшчэ і пагроза экалагічнай катастрофы», — кажа палітык.

У гэтай сітуацыі, лічыць ён, неабходна заклікаць Еўрасаюз і ЗША заняць жорсткую пазіцыю датычна расійска-беларускіх адносін.

«У такіх умовах тое, што ЗША прынялі рашэнне аб памяншэнні падтрымкі, нават нязначнай, развіццю дэмакратыі ў Беларусі — дрэнны знак. Дэмакратычныя краіны павінны гэтак жа востра рэагаваць на пагрозу страты незалежнасці, як і на адсутнасць дэмакратыі ў Беларусі. Беларускае грамадства ўнутры краіны, на жаль, не можа цяпер істотна паўплываць на эканамічныя працэсы, звязаныя з Расіяй. Неабходна, каб узровень свядомасці і салідарнасці ў беларускім грамадстве быў бы такім, каб мы маглі байкатаваць расійскія тавары», — мяркуе Віталь Рымашэўскі.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, канцэрн «Белнафтахім» 25 студзеня падпісаў з расійскімі пастаўшчыкамі кантракт на пастаўкі нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі, пагадзіўшыся на ўмовы расійскага боку. У студзені нафта з Расіі будзе пастаўляцца з прэміяй да кошту ў памеры 6,3 даляра за бараль, або 46 даляраў за тону нафты.

У той жа дзень Беларусь і Расія ўзгаднілі міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве беларускай атамнай электрастанцыі і паралельнай рабоце энергасістэм, дакумент узгоднены на ўмовах расійскага боку.

Незадоўга да гэтага ўрад ЗША вырашыў выдзеліць Беларусі ў якасці дапамогі 14 млн. даляраў, з іх 9 млн. прызначаецца на развіццё дэмакратыі, правоў чалавека і кіраванне. У 2010 годзе Беларусь атрымала 15 млн. даляраў фінансавання, з якіх на развіццё дэмакратыі было выдзелена больш за 10 млн. даляраў.