Рымашэўскі заклікаў кандыдатаў выпрацаваць адзіную стратэгію дзеянняў

30.11.2010 11:59
Архив Редакция

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі 29 лістапада падчас свайго другога выступлення па тэлебачанні заклікаў усіх дэмакратычных кандыдатаў выпрацаваць сумесную стратэгію дзеянняў на выбарах. Для гэтага Віталь Рымашэўскі заклікаў кандыдатаў сустрэцца 9 снежня.

Па словах Віталя Рымашэўскага, ніхто з кандыдатаў не зможа набраць на выбарах 50% галасоў, каб перамагчы ў першым туры. «Таму 19 снежня ў 20:00 пачнецца новая гісторыя Беларусі, якую мы цяпер робім самі. Калі будзе другі тур, то, сабраўшыся на плошчы, мы павіншуем адзін аднаго з першай перамогай. Калі не — будзем патрабаваць новых свабодных выбараў. І наогул беларускі народ мае права на арганізацыю нацыянальнага страйку», — заявіў кандыдат.

Віталь Рымашэўскі ад імя незарэгістраванай партыі БХД заявіў аб фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У сувязі з гэтым кандыдат заклікаў выбаршчыкаў не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні і прыходзіць на выбары толькі 19 снежня. «Сёння рэйтынгі ні аднаго з кандыдатаў не перавышаюць 40%. Таму, калі не будзе другога тура галасавання, то выбары — фальсіфікаваныя», — перакананы Віталь Рымашэўскі.

Рымашэўскі: мы не гатовыя быць марыянеткамі еўрапейскіх палітыкаў

Кажучы аб тым, чаму на выбарах прэзідэнта няма адзінага кандыдата ад апазіцыі, Віталь Рымашэўскі адзначыў, што ў цяперашніх кандыдатаў «розныя не толькі праграмы, але і стратэгіі пераменаў». «Мы не згодныя з тымі, хто гатовы стаць марыянеткай асобных еўрапейскіх палітыкаў», — заявіў кандыдат.

«Ёсць і такія, хто чакае, што Расія іх зробіць новымі Лукашэнкамі. Звярніце ўвагу, некаторых кандыдатаў расійскія тэлеканалы піяраць. Дзе ж беларускі сцэнар? Мы сёння гаворым: ні Расія, ні Захад не павінны вырашаць, хто намі будзе кіраваць. Змяняць ўладу ў нашай краіне павінны мы, беларусы», — перакананы Віталь Рымашэўскі.

Рымашэўскі: прыйшоў час браць адказнасць на сябе

Кандыдат у прэзідэнты заклікаў выбаршчыкаў не паўтараць памылкі 2006 года. «Мы занадта спадзяваліся на лідараў, якія схаваліся за вашымі спінамі. Сёння прыйшоў час браць адказнасць на сябе. Ніхто за вас гэтага не зробіць», — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

У цэлым жа Віталь Рымашэўскі ў сваім другім тэлезвароце да выбаршчыкаў паўтарыў асноўныя палажэнні сваёй перадвыбарнай праграмы, агучанай ў першым выступе 22 лістапада. У іх ліку — перадача 20% акцыяў вядучых беларускіх прадпрыемстваў у беларускі пенсійны фонд, бясплатная адукацыя для ўсіх, вяртанне ільгот студэнтам і пенсіянерам, увядзенне іпатэчнага крэдытавання, адраджэнне беларускай мовы і іншае.

Как вам новость?
Головоломки