Рымашэўскі заклікаў "Супольнасць дэмакратый" даслаць назіральнікаў на выбары

15.11.2010 16:17
Архив

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі ад незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі звярнуўся да міжурадавай кааліцыі "Супольнасць дэмакратый" з заклікам далучыцца да назірання за будучымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі і забяспечыць адэкватную місію назірання непасрэдна перад і пасля выбараў.

Акрамя таго, як паведамілі карэспандэнту Тэлеграфа ў прэс-службе БХД, Віталь Рымашэўскі папрасіў «Супольнасць дэмакратый» падрыхтаваць аб’ектыўны і аўтарытэтны аналіз выбараў.

«Забеспячэнне назірання за выбарамі як мага большай колькасцю незалежных міжнародных арганізацый дасць дадатковую гарантыю кантролю над празрыстасцю выбарчага працэсу, што, несумненна, паслужыць інтарэсам Беларусі і дэмакратычнай беларускай грамадзянскай супольнасці», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

БХД сустрэлася з прадстаўнікамі самакіраванняў Літвы

Актывісты БХД з Мінску, Бабруйску, Баранавічаў, Асіповічаў, Берасця і Мастоў на чале з Віталём Рымашэўскім 13-14 лістапада сустрэліся з кіраўніцтвам мясцовых самакіраванняў Панявежскага і Радзівілішкаўскага раёнаў Літвы. У дэлегацыю БХД увайшлі дзейныя і былыя дэпутаты і былыя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых органаў улады ў Беларусі.

Мэтай паездкі хрысціянскіх дэмакратаў было наладжванне сувязяў з літоўскімі мясцовым самакіраваннем, абмен досведам у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці сваіх рэгіёнаў, а таксама наладжванне пастаяннага супрацоўніцтва паміж беларускімі і літоўскімі гарадамі.

Кіраўнікі Паневежыса і Радзівілішак Віталіюс Саткевічус і Вітоліс Янушэвічус адпаведна за больш цеснае супрацоўніцтва паміж і гарадамі Літвы і Беларусі ў эканамічнай, культурнай і іншых сферах, падзяліліся вопытам падтрымкі ў рэгіёне прыватнай ініцыятывы, развіцця сацыяльна-культурнай і спартовай сферы.

У сваю чаргу Віталь Рымашэўскі таксама звярнуў увагу на неабходнасць наладжвання больш цеснага супрацоўніцтва паміж беларускімі і літоўскімі гарадамі ў эканамічнай, турыстычнай і культурнай сферах, абмене досведам рэфармавання мясцовага самакіравання.

Бакі выказалі зацікаўленасць у далейшым наладжванні супрацоўніцтва паміж гарадамі дзвюх краінаў.