Рынак на мінскім стадыёне "Дынама" знікне да 2013 года

02.08.2010 11:38
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць і падаць яму на зацвярджэнне канцэпцыю рэканструкцыі мінскага стадыёна "Дынама". Па папярэдніх дадзеных, спартыўную пабудову да 2013 года прывядуць да еўрапейскіх нормаў, захаваўшы пры гэтым архітэктурнае аблічча аб'екта. Рэчавы рынак, які цяпер размяшчаецца на тэрыторыі стадыёна, будзе ліквідаваны.

На яго месцы плануецца стварыць сучасныя аб’екты забаўляльнай інфраструктуры. «Стаіць пытанне пра тое, каб прыбраць дробнараздробны гандаль, а калі нешта пабудаваць, то ўжо іншага ўзроўню. Больш мы схільныя пабудаваць аб’екты грамадскага харчавання, якіх не хапае ў цэнтры», — тлумачыць Віктар Нікіцін, галоўны архітэктар горада Мінску.

За амаль 80 гадоў свайго існавання стадыён «Дынама» перажыў пяць маштабных рэканструкцыяў, апошняя з якіх была яшчэ 30 гадоў таму, напярэдадні Алімпіяды. Амаль усё абсталяванне спартовага аб’екта, у прыватнасці, табло, сядзенні, адпрацавалі ўжо некалькі тэрмінаў эксплуатацыі. Каб прывесці стадыён у сучасны выгляд спатрэбіцца каля 100 млн. даляраў, перадае Белтэлерадыёкампанія.

Мяркуецца, што фінансаваць рэканструкцыю стадыёна «Дынама» будуць кітайскія інвестары. У асноўным гэтыя сродкі пойдуць на новае абсталяванне, а знешні выгляд помніка архітэктуры застанецца ранейшым. Таму брыля над трыбунамі па-ранейшаму не будзе, аднак зменіцца прылеглая прастора — у памяшканнях з’явяцца забаўляльныя ўстановы. Лічыцца, што дзякуючы сучаснай гандлёвай інфраструктуры спартыўны аб’ект будзе атрымліваць значную долю сваіх прыбыткаў.

«Зрабіць басейн, фітнэс-цэнтр, дзіцячыя забаўляльныя пакоі, для таго каб можна было прыйсці і прабавіць сям’ёй цэлы дзень на гэтым стадыёне. Тым больш што размяшчэнне ягонае няма як лепей — самы цэнтр, што называецца. І транспарт любы падыходзіць», — тлумачыць Уладзімір Вільчынскі, дырэктар мінскага стадыёна «Дынама».

Згодна з планам архітэктараў, на тэрыторыі вакол стадыёна пабудуюць тры гатэлі: на скрыжаваннях вуліцаў Кірава і Леніна, Ульянаўскай — Свярдлова і Свярдлова — Кірава. Таксама ёсць прапанова стварыць па акружнасці аб’екта бульвар з фантанамі. Для рэалізацыі гэтых ідэяў цяпер шукаюць інвестараў.

Как вам новость?