Рынак рэкламы ў Беларусі ў 2010 годзе вырасце на 12%

21.07.2010 13:13
Архив Редакция

Паводле чарговага прагнозу міжнароднага агенцтва ZenithOptimedia, у 2010 годзе на рынку рэкламы ў Беларусі адбудзецца істотны пад'ём. Пасля леташняга зніжэння на 21,4% у гэтым годзе ён вырасце на 11,7%.

Найбольш істотна павялічыцца рынак рэкламы ў сетцы інтэрнэт (на 20,3%), знешняй рэкламы (15,5%) і рэкламы ў прэсе (15,0%). Выдаткі на тэлебачанні вырастуць ўсяго на 9,3%, радыё — 11,1%, паведамляе партал Marketing.by.
 
Самым хуткарослым медыяканалам па-ранейшаму застаецца інтэрнэт. На он-лайн рэкламу рэкламадаўцы ў 2009 годзе патрацілі 5,9 млн. даляраў, а сёлета — на 1,2 млн. даляраў больш.

Тым не менш дамінуючым СМІ ў Беларусі па-ранейшаму застаецца тэлебачанне. На ТБ-рэкламу ў 2009 годзе прыпала 60% усіх рэкламных выдаткаў. Аднак, паводле прагнозу, доля ТБ-рэкламы ў бягучым годзе знізіцца да 58%.
 
Паводле ацэнак экспертаў міжнароднага агенцтва, на кантэкстную рэкламу ў Байнэце ў гэтым годзе будзе выдаткавана 1,1 млн. даляраў, на медыйную — шэсць мільёнаў даляраў.

Рэклама ў каталогах, радковая рэклама, а таксама прыватныя аб’явы ў дадзеных ацэнках не ўлічваюцца.