Родныя зняволеных заклікалі Пуціна спыніць арганізаваную Лукашэнкам расправу

14.03.2011 15:10
Архив Редакция

Сваякі зняволеных апазіцыянераў 14 сакавіка ў рамках ініцыятывы "Вызваленне" звярнуліся да прэм'ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна з просьбай дапамагчы ў вызваленні блізкіх. "Увесь свет з надзеяй глядзіць на Вас як на чалавека, які можа спыніць арганізаваную Лукашэнкам расправу над палітычнымі супернікамі і прымусіць яго паважаць элементарныя правы чалавека", — заявілі яны.

«Сёння ўвесь свет, у тым ліку і Расія, асудзілі палітычнае самавольства і прававую анархію, што чыняць беларускія ўлады. 15 сакавіка Вы маеце намер наведаць Мінск. У рамках гэтага візіту не выключана ваша сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Як палітычнага лідара вялікай краіны, мы заклікаем Вас распачаць рэальныя крокі, каб паспрыяць вызваленню беларускіх вязняў сумлення», — адзначылі члены «Вызвалення».

На думку сваякоў зняволеных, Уладзімір Пуцін можа ўмяшацца ў сітуацыю ў Беларусі, каб «выратаваць жыцці людзей і пацвердзіць, што Расія — гэта сапраўды сяброўская нам дзяржава, якая не можа заставацца ў баку, калі ў Беларусі пануе самавольства і беззаконне», перадае БелаПАН.

Як паведаміла жонка даверанай асобы экс-кандыдата ў прэзідэнта Андрэя Саннікава Змітра Бандарэнкі Вольга, адпаведны ліст 14 сакавіка перадалі ў амбасаду Расіі. Сакратар амбасады Вадзім Гусеў пацвердзіў гэты факт. «Літаральна толькі што яго перадалі ў нашу канцылярыю. Дакладзем амбасадару, ён паглядзіць і дасць далейшыя ўказанні», — адзначыў дыпламат.

Месяц назад, як перадаваў Тэлеграф, сваякі фігурантаў справы аб масавых беспарадках ад імя ініцыятывы «Вызваленне» напісалі ліст прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Дзмітрыю Мядзведзеву. Муж і жонка арыштаваных Змітра Бандарэнкі Вольга, Алеся Міхалевіч Мілана і Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч перадалі свой зварот праз амбасадара Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, з якім сустрэліся 10 лютага.

Как вам новость?