Родным Саннікава не паведамляюць аб яго месцазнаходжанні

18.05.2011 15:17
Архив Редакция

Родныя былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, асуджанага за ўдзел і арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня ў Мінску, не могуць знайсці яго ў следчых ізалятарах. Напярэдадні жонцы палітыка Ірыне Халіп суд даў дазвол на спатканне з мужам, аднак раніцай 18 траўня ў СІЗА КДБ, дзе раней утрымлівалі асуджанага экс-кандыдата, паведамілі, што палітыка там няма.

Такі ж адказ у СІЗА КДБ атрымала і маці Андрэя Саннікава, якая хацела аддаць сыну перадачу. У следчым ізалятары ГУУС Мінгарвыканкама, куды асуджаных з СІЗА КДБ адпраўляюць для этапавання ў калонію, жанчынам паведамілі, што палітыка там таксама няма. Не было экс-кандыдата і ў Жодзінскім СІЗА, куды тэарэтычна могуць адправіць асуджанага, паведамілі ў прэс-цэнтры «Хартыі 97».

Адвакатцы Андрэя Саннікава Марыне Кавалеўскай праз некалькі гадзін пошукаў нарэшце паведамілі, што яе падабаронны па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Родныя палітыка лічаць, што падобная ізаляцыя Андрэя Саннікава можа быць выклікана тым, што на судовым пасяджэнні ён публічна заявіў аб катаваннях у СІЗА КДБ. Родныя не выключаюць, што ў СІЗА палітыка збілі або яму помсцяць за адмову маўчаць.

Бацька Ірыны Халіп Уладзімір лічыць, што, адмаўляючы яго дачкі ў сустрэчы з мужам, улады «працягваюць прэсінг на найбольш нежаданых ў палітычным дачыненні да людзей, найбольш небяспечных для ўладаў дзеячаў дэмакратычных сіл». Судовыя працэсы па «справе 19 снежня» Уладзімір Халіп лічыць «гульнёй у лібералізацыю».

Як раней перадаваў Тэлеграф, 16 траўня, суд Заводскага раёна Мінску прысудзіў Ірыну Халіп да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады, вызваліўшы ў зале суда. Яе мужа, Андрэя Саннікава, за арганізацыю масавых беспарадкаў суд прысудзіў да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Как вам новость?
Головоломки