"Росатам" рыхтуе для Беларусі АЭС-трэнажор
Беларускія ўлады плануюць стварыць у краіне поўнамаштабны трэнажор, які мадэляваў бы розныя сітуацыі на будучай астравецкай АЭС. Пра гэта паведаміў дарадца дэпартаменту камунікацый расійскай карпарацыі "Росатам" Андрэй Бухоўцаў. На дадзены момант трэнажор знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, удакладніў ён.
З дапамогай устаноўкі можна будзе змадэляваць больш за 100 сітуацый, якія ўзнікаюць на атамных электрастанцыях, што ствараюцца па расійскім праекце АЭС-2006. Сюды ўваходзяць сітуацыі ва ўмовах нармальнай эксплуатацыі (увод і вывад устаноўкі), пры парушэннях умоваў эксплуатацыі, у аварыйным рэжыме і падчас цяжкіх аварый, перадае БелТА.
Такі трэнажор павінен быць абавязкова створаны як мінімум за год да ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблока. На ўстаноўцы можна праводзіць тэарэтычныя і практычныя заняткі для маладых спецыялістаў і вопытнага персаналу ў мэтах павышэння кваліфікацыі.
На трэнажоры за год можна навучаць да сотні чалавек, якія змогуць адпрацоўваць звыклыя і новыя сітуацыі. Напрыклад, пасля аварыі на японскай АЭС «Фукусіма-1» гэтую сітуацыю пачалі адпрацоўваць вучэбна-трэніровачныя падраздзялення пры расійскіх АЭС.
Як ужо перадаваў Тэлеграф, нядаўна прэм’ер-міністр Літвы Аўдронюс Ажубаліс выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што на беларускай АЭС, якую хочуць пабудаваць у 50 кіламетрах ад Вільні, усталююць эксперыментальныя атамныя рэактары. «Хочацца толькі сказаць — паважаныя спадары, эксперыментуйце на пустцы, на незаселенай тэрыторыі, а не блізу гарадоў, не блізу нашай сталіцы», — сказаў ён.
Акрамя таго, з Беларусі дэпартавалі нямецкіх і польскіх грамадзян, якія 25 красавіка ў Мінску ўдзельнічалі ў акцыі супраць будаўніцтва беларускай АЭС, шасцярым грамадзянам Германіі забаронены ўезд у краіну на працягу двух гадоў, грамадзянцы Польшчы — на працягу года.