Рубінаў: Беларусь захавала макраэканамічную стабільнасць

20.07.2010 11:23
Архив Редакция

У перыяд глабальнага фінансавага і эканамічнага крызісу Беларусь здолела захаваць макраэканамічную стабільнасць, давер людзей і спакой у грамадстве. Пра гэта 19 ліпеня заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў на III Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў у Жэневе.

Па словах спікера, асаблівая роля ў вырашэнні задачаў па пераадоленні крызісу легла на парламентарыяў. Дзякуючы іх намаганням быў прыняты шэраг законаў, накіраваных на лібералізацыю ўмоваў гаспадарання, стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы грамадзянаў і дзяржаўную падтрымку насельніцтва, адзначыў старшыня Савета Рэспублікі, паведамляе БелТА.

«Неабходнай умовай захавання стабільнасці ў грамадстве з’яўляецца забеспячэнне цеснага дыялогу ўлады з грамадзянамі. Механізм узаемадзеяння «Парламент — грамадзянская супольнасць — мясцовая ўлада — ўрад — СМІ» дазволіў нам стварыць дзейсную працэдуру дыялогу народа і ўлады, забяспечыўшы дакладную сістэмную працу парламентарыяў з насельніцтвам, заснаваную на прынцыпах адказнасці і адкрытасці», — падкрэсліў у выступе кіраўнік верхняй палаты беларускага парламенту.

Акрамя таго, на думку Анатоля Рубінава, парламентарыі нясуць адказнасць перад сусветнай супольнасцю. «Прымаючы рашэнні, парламентарыі павінны заўсёды ўлічваць сусветныя тэндэнцыі і сусветны досвед. У сувязі з гэтым вельмі важным уяўляецца канструктыўнае супрацоўніцтва парламентаў усіх краінаў і асаблівая місія ААН у яго развіцці. Міжнародная парламенцкая супольнасць павінна паслядоўна выступаць за ўзмацненне ролі ААН у вырашэнні глабальных выклікаў сучаснасці» , — заявіў кіраўнік СР.

Анатоль Рубінаў выказаў упэўненасць у тым, што Міжпарламенцкі саюз, які аб’ядноўвае ў цяперашні час парламентарыяў 155 дзяржаваў свету, будзе спрыяць шматбаковаму парламенцкаму дыялогу. «Яго дзейнасць і надалей павінна быць накіравана на выпрацоўку ўзгодненых падыходаў, якія маглі б забяспечыць мірнае і узаемавыгаднае развіццё ўсіх краінаў і пазбегнуць развіцця крызісных з’яў у свеце», — сказаў кіраўнік Савета Рэспублікі Беларусі.

19 ліпеня Анатоль Рубінаў таксама правёў сустрэчы са старшынёй Народнай палаты парламенту Індыі Мейрай Кумар, старшынёй Народнага сходу Балгарыі Цэцкай Цачавай і старшынём Сената парламенту Казахстана Касымам Жамартам Такаевым. Яны разгледзелі пытанні актывізацыі двухбаковага гандлёва-эканамічнага і міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, а таксама каардынацыі пазіцыяў на міжнародных форумах.

Как вам новость?
Головоломки