Румас: да 2015 года падатковая нагрузка на эканоміку не павінна перавышаць 26%

02.03.2011 12:13
Архив Редакция

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Сяргей Румас паведаміў, што, згодна з планамі ўрада, узровень падатковай нагрузкі на беларускую эканоміку да канца 2015 годзе не павінен перавышаць 26%. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, зніжэнне падатковай нагрузкі будзе здзяйсняцца ў першую чаргу за кошт змяншэння стаўкі падатку на прыбытак і стаўкі падатку на дабаўленую вартасць.

Сяргей Румас адзначыў, што на працягу апошніх трох гадоў па падаткаабкладанні Беларусь займае апошнія месцы ў міжнародным рэйтынгу па ўмовах вядзення бізнэсу. «Калі па ўзроўні падатковай нагрузкі мы ўжо зраўняліся з вядучымі краінамі, то ў падатковым адміністраванні нам давядзецца прайсці яшчэ вялікі шлях», — цытуе віцэ-прэм’ера БелТА.

Так, Сяргей Румас праінфармаваў, што сёння сярэднестатыстычнае прадпрыемства ў Беларусі марнуе 798 гадзін на год на разлікі, якія датычацца выплаты падаткаў. У 2009 годзе ў прадпрыемстваў сыходзіла на гэта 900 гадзін, а да 2014 года плануецца скараціць гэты паказчык да 250 гадзін.

Сяргей Румас таксама адзначыў даволі высокі ўзровень унёскаў на сацыяльнае страхаванне ў Беларусі. Ён растлумачыў, што разам з ўнёскамі на сацыяльнае страхаванне ўзровень падатковай нагрузкі ўзрастае да 40%.

«У новай праграме мы паставілі сабе мэту вывучыць магчымасць і прапанаваць канкрэтныя механізмы пераразмеркавання падатковай нагрузкі на сацыяльнае страхаванне, каб прадпрыемства паціху пачалі плаціць менш, а насельніцтва плаціла больш. Адначасова будзе павялічвацца заработная плата для таго, каб насельніцтву, працоўным грамадзянам было па сілах здзяйсняць гэтыя плацяжы. Такім чынам, мы зможам зменшыць падатковую нагрузку на прадпрыемствы, і адпаведна, зрабіць іх прадукцыю больш канкурэнтаздольнай», — распавёў Сяргей Румас.

Как вам новость?
Головоломки