Саакашвілі: РФ абвінаваціла кіраўніцтва Беларусі ледзь не ў канібалізме

16.07.2010 09:08
Архив Редакция

Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі пракаментаваў у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню скандальны фільм расійскага тэлеканала НТВ «Хросны бацька». Па словах грузінскага лідара, Расія абвінаваціла беларускае кіраўніцтва "ледзь не ў канібалізме", што выглядае як «прапагандысцкая вайна».

«Калі сыплюцца ўсялякія абвінавачанні, ледзь не ў канібалізме абвінавачваюць беларускіх дзеячаў, і гэта робіцца з той краіны, дзе нядаўна забілі чалавека, якога я вельмі паважаў, Ганну Паліткоўскую, і забойцы не знойдзены, а на Паўночным Каўказе дзясяткі тысяч людзей проста зніклі… І раптам знайшлі, што 1990-х гадах «людаеды» развяліся ў Мінску — вядома ж, гэта сумна … «Гэта мае пэўны прысмак прапагандысцкай вайны», — цытуе Міхаіла Саакашвілі беларуская служба Радыё «Свабода».

Саакашвілі спадзяецца на мудрае рашэнне Беларусі па Абхазіі і Паўднёвай Асетыі

Прэзідэнт Грузіі таксама заявіў, што спадзяецца на непрызнанне Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асетыі.»У нас была група дэпутатаў парламенту Беларусі, яны вельмі ўзважана падышлі да пытання, і я думаю, што Беларусь паступіць мудра», — сказаў грузінскі лідар.

Міхаіл Саакашвілі таксама адзначыў, што Беларусь заўсёды падтрымлівала Грузію, перадае БелаПАН. «Мы праходзілі праз розныя перыяды, але, калі трэба было падтрымліваць адзін аднаго, Беларусь заўсёды нас падтрымлівала», — адзначыў прэзідэнт Грузіі.

У сувязі з гэтым грузінскі лідар нагадаў сітуацыю з эмбарга на экспарт грузінскай прадукцыі. «Я тады ездзіў на саміт СНД у Мінск, і тады гэта была вельмі гарачая тэма. І на саміце падносілі нашу мінеральную ваду, і на банкет было наша віно, якое, дарэчы, і расійскія кіраўнікі з вялікім задавальненнем пілі», — распавёў Міхаіл Саакашвілі.

Саакашвілі не разумее патрабаванняў Расіі да Грузіі

У інтэрв’ю Першаму каналу прэзідэнт Грузіі таксама заявіў, што не разумее тых патрабаванняў, якія Масква прад’яўляе да Тбілісі пасля канфлікту ў Паўднёвай Асетыі ў жніўні 2008 года і якія тычацца змены кіраўніцтва Грузіі, паведамляе РИА «Новости».

«Цяжка зразумець, чаго яны хочуць, мы ўвесь час хацелі пайсці насустрач, але ўвесь час, калі мы ў нечым саступалі, яны (Расія) хацелі больш і больш», — канстатаваў Міхаіл Саакашвілі.