Сайт віцебскага кур'ера адкрыўся па новым адрасе

12.07.2010 15:13
Архив Редакция

Сайт незалежнай газеты "Віцебскі Кур'ер" аднавіў сваю працу ў новым дамене. У сувязі з тым, што нацыянальны аператар сувязі "Белтэлекам" скасаваў дамову аб прадстаўленні інтэрнэт-хостынгу, сайту газеты "Віцебскі Кур'ер" давялося сысці з Беларусі, паведаміла акцыянерка ЗАТ "Выдавецкі дом "Віцебскі Кур'ер" Вольга Карач.

Як раней пісаў Тэлеграф, нацыянальны аператар электрасувязі Беларусі «Белтэлекам» восьмага ліпеня апублікаваў афіцыйную заяву, у якой паведаміў, што «на адрас кампаніі 30 чэрвеня 2010 паступіла апавяшчэнне ЗАТ «Выдавецкі дом «Віцебскі Кур’ер» аб скасаванні дамовы на аказанне паслуг электрасувязі і ўсіх прылажэнняў да яе з Віцебскім філіялам РУП «Белтэлекам» з пятага ліпеня 2010 года ў сувязі з рашэннем агульнага сходу акцыянераў арганізацыі».

Аднак «ЗАТ «Выдавецкі Дом «Віцебскі Кур’ер» не прымала рашэння аб закрыцці сайта, бо не было агульнага сходу акцыянераў, на якім прысутнічалі б уладальнікі больш чым 51 акцыі», гаворыцца ў паведамленні на новым сайце «Віцебскага кур’ера».

У сувязі з гэтым Вольга Карач напісала два лісты: у пракуратуру — з просьбай узбудзіць крымінальную справу за выраб загадзя падробнага дакументу, і ў Белтэлекам — прызнаць дакумент, які яны атрымалі і на падставе якога адключылі сайт, без юрыдычнай сілы, перадае «Беларускі партызан».

«Калі палітычных прычынаў (для адключэння сайта) не было, і сайт адключаны» выключна па гаспадарчых матывах», то, атрымаўшы ліст, у якім даказваецца, што рашэнні ўласніка аб адключэнні сайта не было, «Белтэлекам» павінен пераправерыць інфармацыю і… Што зрабіць? Правільна, вярнуць сайт на месца. Калі праўда за мной і мелі месца палітычныя прычыны, то «Белтэлекам» будзе пісаць дурацкія адказы, але сайт на месца не верне. Мы атрымаем ліст з новай прычынай, чаму яны не могуць вярнуць сайт на віцебскі хостынг», — лічыць Вольга Карач.