Саўмін Беларусі абмежаваў выдачу льготных лекаў

20.09.2010 12:07
Архив Редакция

У Беларусі абмежавалі парадак бясплатнага і льготнага (са зніжкай на 90%) забеспячэння грамадзян лекавымi сродкамі. Цяпер рашэнне аб неабходнасці выпіскі хвораму рэцэпту на льготныя лекі можа прыняць толькі лекарска-кансультацыйная або медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія. Адпаведнае рашэнне замацавана ў новай пастанове Савета міністраў Беларусі.

Раней рэцэпты на льготныя лекі выпісваў урач, які праводзіў лячэнне. Бясплатна або льготна выдаваліся толькі тыя медыцынскія прэпараты, якія ўключаны ў спецыяльны спіс, перадае «Ежедневник». Пасля ўступлення ў сілу новае пастановы Саўміна, у больш абмежаванае становішча трапяць таксама грамадзяне, якія церпяць ад хранічных захворванняў. Раней тэрмін іх лячэння пры дапамозе бясплатных або льготных лекаў не быў абмежаваны. Цяпер жа ён не можа перавышаць шэсць месяцаў.

У адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, права на бясплатнае атрыманне лекаў маюць героі Беларусі, героі СССР, героі сацыялістычнай працы, поўныя кавалеры ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай славы, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інваліды вайны і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян. Права на зніжку 90% ад кошту лекавых сродкаў маюць грамадзяне, якiя захварэлi i перанеслi прамянёвую хваробу, выкліканую наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварыяў, а таксама інваліды I і II груп.

Как вам новость?
Головоломки