Саўмін дазволіў прадаваць каштоўныя металы толькі з дзяржкляймом

03.06.2010 10:45
Архив Редакция

У правілы ажыццяўлення раздробнага гандлю некаторымі відамі тавараў былі ўнесены пэўныя змены, выкладзеныя ў пастанове Савета міністраў Беларусі № 779 ад 25 траўня 2010 года. Дакумент, які ўступіць у сілу першага ліпеня 2010 года, тычыцца продажу каштоўных металаў, каштоўных камянёў і піратэхнічных вырабаў.

«Раздробны гандаль вырабамі з каштоўных металаў і каштоўных камянёў, якія падлягаюць у адпаведнасці з заканадаўствам абавязковаму кляйменню дзяржаўным прабірным кляймом, ажыццяўляецца толькі пры наяўнасці на такіх вырабах адбіткаў дзяржаўных прабірнага кляйма», — паведамілі ў Саўміне.

Цяпер ювелірныя вырабы з каштоўных металаў і каштоўных камянёў, якія ідуць на продаж, павінны быць апламбаваны вытворцам або імпарцёрам і абавязкова мець этыкеткі.

Асобнае палажэнне пастановы ўрада тычыцца каштоўных камянёў, незамацаваных ў вырабах з каштоўных металаў. Продаж такіх тавараў «ажыццяўляецца толькі ў аграненым выглядзе пры наяўнасці сертыфіката на кожны камень, выдадзенага ўпаўнаважанай арганізацыяй паводле заканадаўства», а кожны выраб павінен мець індывідуальную ўпакоўку, пастанавіў Савет міністраў.

Прыняты дакумент таксама ўсталёўвае правілы раздробнага гандлю піратэхнічнымі вырабамі. «Рэалізацыя піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння 1-2 класаў небяспекі дапускаецца ў крамах, павільёнах з гандлёвай залай, 3 класа небяспекі — толькі ў спецыялізаваных крамах, аддзелах па продажы піратэхнічных вырабаў, тэхнічнага і спецыяльнага прызначэння — толькі ў спецыялізаваных крамах асобам, якія маюць дазвол на права іх выкарыстання», — патлумачылі ва ўрадзе.

Згодна з дакументам з першага ліпеня піратэхніка ў гандлёвай зале павінна быць размешчана так, каб пакупнік не меў да яе непасрэднага доступу. А захоўваць піратэхнічныя вырабы можна будзе толькі «ў шафах, сейфах, выкананых з незгаральных матэрыялаў».

Как вам новость?
Головоломки