Саўмін указаў, колькі выпускнікоў ССНУ будзе запатрабавана

31.12.2010 13:56
Архив Редакция

Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову № 1901, у якім зацвердзіў дзяржаўную праграму развіцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі на наступныя пяць гадоў. У дакуменце прыведзены заказы арганізацый і прадпрыемстваў на выпуск неабходных спецыялістаў, а таксама паказана, што праграма будзе фінансавацца ў тым ліку за кошт саміх ССНУ і ПТВ.

«Праграма распрацавана з улікам усіх кірункаў дзейнасці ССНУ, а таксама ў ёй распланаваны выдаткі на ўтрыманнне ўсёй сістэмы», — заявіла начальнік аддзелу сярэдняй спецыяльнай адукацыі мінадукацыі Людміла Гуліна-Галубкова.

Як растлумачыла чыноўніца, дадзены «маштабны дакумент прадугледжвае не толькі пераабсталяванне і мадэрнізацыю сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, але і ўдасканаленне адукацыйнага напрамку і выхаваўчага складніку».

Людміла Гуліна-Галубкова адзначыла, што ў праграме ўпершыню вызначаны заказ ад арганізацый і прадпрыемстваў на выпуск спецыялістаў. «Прычым гэтыя лічбы вызначаны да 2015 года», — цытуе начальніцу аддзелу сярэдняй спецыяльнай адукацыі БелТА.

Чыноўніца нагадала, што першая такая праграма была прынята ў 2006 годзе. «Яна, вядома, была не такой маштабнай, як цяперашняя», — лічыць Людміла Гуліна-Галубкова.

Згодна з новым дакументам, больш за 20% абсталявання ССНУ плануецца абнавіць. Фінансаванне мерапрыемстваў дзяржпраграмы будзе праходзіць за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах на сярэднюю спецыяльную адукацыю, даходаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне такой адукацыі, і іншых крыніц.

Сярэднюю спецыяльную адукацыю ў краіне даюць сваім выпускнікам 132 ССНУ і 211 ПТВ.

Как вам новость?