Саўмін хоча скараціць залежнасць ад прыроднага газу да 55%

25.07.2010 17:28
Архив Редакция

Да 2020 годзе ўдзельная вага энергіі, вырабленай з прыроднага газу ў паліўна-энергетычным балансе Беларусі павінна знізіцца з 94% да 55%. Такую заяву зрабіў віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка падчас наведвання прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам міні-ЦЭЦ у горадзе Пружаны Берасцейкай вобласці. 

«Ёсць розныя метады рашэння гэтай праблемы. У пачатку наступнага тыдня ўрад прапануе Вам разнастайныя варыянты», — заявіў віцэ-прэм’ер, звяртаючыся да прэзідэнта, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы. 
Па словах Уладзіміра Сямашкі, зніжэнню энергазалежнасці ад прыроднага газу павінны спрыяць запусканыя ў 2011-2015 гадах атамная электрастанцыя, гідраэлектрастанцыі, цеплавыя электрастанцыі на мясцовых відах паліва, ветраныя электрастанцыі. У выніку закупку прыроднага газу можна будзе знізіць на 7,5-8 млрд. кубаметраў. У рамках праграмы ўрада ў Беларусі таксама плануецца пабудаваць 161 аб’ект малой энергетыкі (з іх — 26 міні-ЦЭЦ), якія працуюць на мясцовых відах паліва. 
Прэзідэнт ухаваліў урадавую праграму, але запатрабаваў павялічыць долю айчынных камплектуючых пры будаўніцтве міні-ЦЭЦ, станцыяў і кацельняў. «Для такіх аб’ектаў мы павінны вырабляць усё ў сябе, за выключэннем тых ноў-хаў, якія нам не ўдаецца расшыфраваць. Трэба дзейнічаць па-кітайску. Мы не будзем усё купляць за мяжой. У нас мазгавітых людзей дастаткова, можам стварыць СП, 95% камплектуючых будзем ствараць тут, у Беларусі, а 5% прывязем, дапусцім, з Фінляндыі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што «ў нас няма лішняй валюты, якую мы можам дазволіць сабе проста так вывозіць за мяжу». 
Прэзідэнт падтрымаў ідэю будаўніцтва па ўсёй краіне міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва. «У кожным раёне мы павінны пабудаваць такую станцыю. І гэта не значыць, што толькі ў райцэнтрах. Не забывайце, што гэта стварае і працоўныя месцы», — заявіў кіраўнік дзяржавы. На ягоную думку, калі праграма будзе паспяхова выканана, «нашы райцэнтры зменяцца». 
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, будаўніцтва ЦЭЦ на мясцовых відах паліва прыцягне на беларускі рынак капітал з суседніх краінаў, перш за ўсё, з Расіі і Украіны. Кіраўнік дзяржавы таксама не выключыў, што да іх узвядзення могуць быць прыцягнутыя прыватныя інвестары. «Мы паглядзім, як гэта будзе атрымлівацца у прыватніка, бо прыватнік ні адной лішняй капейкі не выдаткуе», — заявіў прэзідэнт.

Как вам новость?