Саннікаў абяцае беларусам чалецтва ў ЕC да 2017 года

02.07.2010 15:19
Архив Редакция

У 2011 годзе Беларусь павінна стаць свабоднай краінай, а ў 2016-2017 годзе — членам Еўрасаюза або ўшчыльную наблізіцца да сяброўства ў ЕС, выканаўшы для гэтага ўсе крытэры. Пра гэта заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы Андрэй Саннікаў. Пры гэтым палітык адзначыў, што не бачыць ніякіх гандлёва-эканамічных выгадаў ад Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана.

«Напрыклад, там прысутнічае Казахстан, а аб’ём гандлю з Казахстанам у нас, напэўна, 1% складае. Як гэта сумясціць? Да таго ж, Расія і Беларусь абвяслілі курс на сяброўства ў СГА», — цытуе Андрэя Саннікава «Главком».

«З аднаго боку, Расія прапаноўвала ўступаць у СГА Мытным саюзам, з другога — віцэ-прэм’ер РФ Шувалаў нядаўна сказаў, што нашы краіны будуць уступаць у СГА асобна. Для мяне, па меншай меры, СГА — гэта больш сур’ёзны індыкатар. Я думаю, што сяброўства ў СГА сапраўды забяспечыць лібералізацыю гандлю і лібералізацыю адносін з іншымі дзяржавамі», — сказаў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Пры гэтым палітык адзначыў, што для Беларусі важныя адносіны з Расіяй. «Прыбраць бар’еры ў адносінах з Расіяй вельмі важна, праз Мытны саюз ці не. Але прыярытэтам пры гэтым застаецца наша сяброўства ў СГА. Бо ў гэтым выпадку і ў Расіі, і ў Беларусі будуць аднолькавыя правілы», — лічыць Андрэй Саннікаў. У любым выпадку, стратэгічнымі прыярытэтамі для Беларусі павінны заставацца інтэграцыя ў ЕС і СГА, дадаў прэтэндэнт у прэзідэнты.

Саннікаў: вялікага значэння дата выбараў у Беларусі не мае

Кажучы аб даце правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, палітык адзначыў, што чым раней яны адбудуцца, тым лепш. «Калі яны адбудуцца восенню, гэта добра, таму што ёсць шанец, што надвор’е будзе добрае, людзі з добрым настроем выйдуць на вуліцы сказаць «Не» гэтай уладзе», — заявіў Андрэй Саннікаў.

«Дата выбараў не мае асаблівага значэння, таму што ў нас усё роўна няма выбараў, у апазіцыі ўсё роўна не будзе доступу да электронных СМІ, кантраляваных дзяржавай, — я маю на ўвазе тэлебачанне і FM-радыёстанцыі», — канстатаваў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Па словах прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы, разлічваць на тое, што ў Беларусі з’явяцца нейкія іншыя, чым цяпер, каналы распаўсюду інфармацыі, не прыходзіцца. «Таму вялікага значэння дата выбараў не мае. Проста тое, што людзі не ведаюць, калі адбудуцца выбары — яшчэ адзін паказчык нашага рэжыму», — канстатаваў палітык.

Как вам новость?
Головоломки