Саннікаў: Беларусь — на парозе пераменаў

19.05.2010 12:04
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў упэўнены, што цяперашняя сістэма ў Беларусі закасцянела, але краіна стаіць на парозе пераменаў. Па словах палітыка, Беларусь наладжвае "нармальныя адносіны не з суседзямі, а з краінамі-ізгоямі, у той час як задача новай Беларусі — у нармалізацыі стасункаў з усімі".

«Наша закасцянелая сістэма не дае ніякага выхаду ініцыятыве грамадзянаў ні ў эканоміцы, ні ў сацыяльнай палітыцы, ні, безумоўна, у палітыку. Тым больш, што крызісная сітуацыя ў свеце агаліла ўсе сур’ёзныя праблемы цвёрдай сістэмы рэжыму Лукашэнкі», — заявіў Андрэй Саннікаў у інтэрв’ю DELFI.
Па словах палітыка, беларусы знаходзяцца ў сітуацыі чакання. «Хаця прымешваецца досвед доўгага кіравання аднаго чалавека і кантролю над грамадствам, — адзначыў лідар «Еўрапейскай Беларусі». — Тым не менш, свет змяняецца, і ў нашых суседзяў адносіны выбудоўваюцца зусім па-іншаму». 
Андрэй Саннікаў лічыць, што шматвектарнасць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі была своеасаблівая. «Яна галоўным чынам акцэнтавалася на сяброўстве з краінамі-ізгоямі і аўтарытарнымі дыктатарскімі кіраўнікамі гэтых краін — гэта Паўночная Карэя, Венесуэла, Іран, Сірыя, Судан. Тут сяброўства было — не разлі вадой», — сказаў палітык.
«Шматвектарнасць, якая дакляравалася, проста не рэалізавана. У Еўропе з’явіліся спробы нейкім чынам наладзіць адносіны, але нічога не атрымліваецца менавіта праз нягнуткасць гэтай сістэмы. Беларусь загразла ў незразумелых «саюзных» адносінах з Расіяй, якія насамрэч, прывялі да канфліктаў, і канфліктаў усё больш жорсткіх», — канстатаваў лідар «Еўрапейскай Беларусі».
Па словах Андрэя Саннікава, Беларусі вельмі важныя адносіны з Расіяй. «І я бачу іх на вельмі трывалай, прадказальнай і празрыстай аснове. Сёння столькі напластаванняў, магу яшчэ раз паўтарыць, што дакляраванеае сяброўства прыводзіць, наадварот, да канфліктаў. Што да адчувальных пытанняў, то ў Канстытуцыі Беларусі запісана мэта — нейтральны статус. З гэтага трэба і зыходзіць у такіх пытаннях, як удзел у ваенных блоках, гэта датычыцца ў роўнай ступені і АДКБ і НАТО», — падкрэсліў магчымы кандыдат на пост кіраўніка дзяржавы.
Адказваючы на пытанне пра рашэнне ўдзельнічаць у выбарах, Андрэй Саннікаў сказаў: «Маё рашэнне стаць кандыдатам у прэзідэнты — гэта спроба змяніць сцэнар ходу выбараў, прапанаваць іншую лінію паводзінаў і іншыя прынцыпы. Я не хачу быць добрым для ўсіх, я хачу выразна адстойваць заяўленыя прынцыпы і сам за гэта адказваць. Тым не менш, гаворкі пра каардынацыю дзеянняў вядуцца з усімі рэальнымі структурамі і дэмакратычнымі лідарамі. Я ўпэўнены, што ў выніку мы выйдзем на моцны сцэнар, які прывядзе дэмакратычныя сілы да перамогі».

Как вам новость?
Головоломки