Саннікаў: беларусы стаміліся ад 16 гадоў дыктатарскага праўлення

07.09.2010 15:24
Архив Редакция

У Беларусі існуе вялікая верагоднасць пераменаў і прычына гэтага ў тым, што людзі «стаміліся ад 16-ці гадоў дыктатарскага праўлення». Такое меркаванне выказаў лідар «Еўрапейскай Беларусі», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта краіны Андрэй Саннікаў. «Гэта адчуваецца ва ўсім. Страху ўжо няма, ёсць толькі нявера ў свае сілы», — адзначыў палітык.

«Апытанні паказваюць, што Лукашэнка не карыстаецца падтрымкай ва ўсіх узроставых групах насельніцтва. Гэта значыць, можна зрабіць выснову, што змены будуць пазітыўна ўспрынятыя ўсім грамадствам», — падкрэсліў Андрэй Саннікаў.

У той жа час, на яго думку, «рэпрэсіўная машына» будзе спрабаваць захаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе «Голас Амерыкі».

Саннікаў: Еўропа можа паўплываць на вынікі выбараў

Акрамя таго, Андрэй Саннікаў лічыць, што на вынікі выбараў могуць паўплываць таксама і іншыя дзяржавы, перш за ўсё, Еўрапейскі Саюз, які, па словах палітыка, у апошні час з’яўляецца асноўнай крыніцай фінансавай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі.

«Сёння вельмі важны момант у гісторыі Беларусі. Але, на жаль, у Еўропе чутныя галасы, што Расія — гэта перманентнае зло, таму калі Расія пачала крытыкаваць Лукашэнку, еўрапейцам трэба падтрымаць Лукашэнку. Гэтыя ідэі, якія падкідваюць некаторыя лабісты Лукашэнкі з Заходняй Еўропы, небяспечныя для нас вельмі сур’ёзнымі наступствамі», — заявіў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

У той жа час ён заклікаў краіны ЕС «не прапускаць ніводнага парушэння правоў чалавека, не спрабаваць перавыхаваць дыктатара — гэта немагчыма, і разумець, што ў Беларусі перамены могуць адбыцца вельмі хутка».

Саннікаў: Бябеніну пагражалі

Закранаючы тэму смерці беларускага журналіста Алега Бябеніна, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта адзначыў, што не верыць у версію ягонага самагубства. «У нас людзі знікаюць, людзей забіваюць, а сур’ёзнага расследавання гэтых выпадкаў не вядзецца. Алега выкрадалі, яго збівалі, яму пагражалі… Разумееце, чалавек, які не згодны з дыктатурай, які адкрыта пра гэта кажа і адкрыта працуе супраць дыктатуры, не можа адчуваць сябе ў бяспецы», — заявіў палітык.

Па яго словах, праваахоўнікі не праводзяць неабходных следчых дзеянняў і адразу адпрацоўвалі толькі версію самагубства. Яны не апячаталі лецішча і машыну загінулага, не здымалі адбіткі пальцаў і праводзілі толькі паверхневы агляд, не высветлілі дакладнай даты смерці, паведаміў Андрэй Саннікаў.

Як лічыць палітык, улады выкарыстоўваюць гібель журналіста, а таксама інцыдэнт у расійскім пасольстве для атак на апазіцыю. «Допыты па факце гібелі Алега з’яўляюцца падрыхтоўкай да больш сур’ёзных дзеянняў. Я баюся, што будуць ператрусы, канфіскацыі, ціск, пагрозы», — выказаў свае асцярогі Андрэй Саннікаў.

«Сітуацыя вельмі напружаная. Пасля таго, як Расія змяніла сваё стаўленне да Лукашэнкі, тут з аднаго боку пануе паніка, якая можа прывесці да любых дзеянняў з боку ўладаў. З іншага боку — ёсць жаданне ўладаў дзейнічаць ранейшымі метадамі і ўсе альтэрнатыўныя пункты гледжання спыняць самым жорсткім чынам. Нават да фізічнага гвалту», — адзначыў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Как вам новость?