Саннікаў: Лукашэнка ўжо прайграў выбары

25.11.2010 11:24
Архив Редакция

Лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў падчас свайго выступу на тэлебачанні 24 лістапада заявіў, што дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, таксама балатуецца ў прэзідэнты, ужо прайграў цяперашнія выбары. Андрэй Саннікаў перакананы, што да «вызвалення Беларусі засталося ўсяго некалькі тыдняў».

«Прайшоў збор подпісаў і ўсе ўбачылі, што каля стэндаў з яго фатаграфіяй нікога не было. На пікеты па зборы подпісаў за яго зганялі настаўнікаў, выхавальнікаў дзіцячых садкоў, але людзі да іх не падыходзілі. Ніхто не падыходзіў, таму што ў Лукашэнкі няма падтрымай народа. І ён гэта ведае», — лічыць Андрэй Саннікаў.

Разам з тым, кандыдат у прэзідэнты перакананы, што да змены ўлады і «вызвалення краіны» засталося ўсяго некалькі тыдняў. «А пакуль Беларусь называюць апошняй дыктатурай Еўропы. Ганьба для краіны, але гэта справядліва. І мы дакладна ведаем той момант, калі краіна стала скочвацца да дыктатуры — 14 лістапада 1996 г.», — заявіў Андрэй Саннікаў. У гэты дзень, па словах кандыдата, старшыня Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар быў незаконна зрушаны са сваёй пасады. Андрэй Саннікаў упэўнены, што калі б гэтага не адбылося, той дзень «быў бы апошнім днём ва ўладзе для Аляксандра Лукашэнкі.

Віктара Ганчара замяніла Лідзія Ярмошына, якая па сённяшні дзень ўзначальвае ЦВК. «Галоўная задача Лідзіі Ярмошынай з тых часоў — фальсіфікацыя выбараў, не дапускаць назірання за падлікам галасоў, укід фальшывых бюлетэняў», — заявіў Андрэй Саннікаў.

Саннікаў: пры Ярмошынай не можа ісці гаворка пра сумленныя выбары

Лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» перакананы, што сумленных выбараў не можа быць і гаворкі да тых часоў, пакуль ЦВК узначальвае Лідзія Ярмошына.

Андрэй Саннікаў растлумачыў, што менавіта незаконнае зрушэнне Віктара Ганчара з пасады старшыні ЦВК паслужыла прычынай яго адстаўкі з пасады намесніка міністра замежных спраў Беларусі ў лістападзе 1996 года. «Я вельмі любіў сваю працу. Я быў шчаслівы працаваць дзеля незалежнасці нашай радзімы, дапамагаць росту яе аўтарытэту ў свеце, але не мог заставацца на дзяржаўнай службе пасля таго, як у краіне перасталі працаваць законы, а падзел уладаў быў знішчаны», — заявіў кандыдат.

Андрэй Саннікаў распавёў, што, будучы дыпламатам, ён «бачыў, што таксама як Лукашэнка падманвае народ, ён падманвае і нашых міжнародных партнёраў» «Я не хацеў быць да гэтага быць датычным», — растлумачыў кандыдат.

Саннікаў: грошы грамадзянаў ідуць у кішэню Лукашэнку

Андрэй Саннікаў таксама абвінаваціў дзейнага прэзідэнта ў прысвойванні народных грошай. «Куды ідуць нашыя грошы? Яны ідуць у кішэню Лукашэнку. За нашыя грошы ён вывозіць велізарную світу на горналыжныя курорты, утрымлівае збеглага з Кіргізіі дыктатара Курманбека Бакіева, які жыве тут як падышах за наш рахунак, наладжвае сабе святы. Нават Дажынкі не маюць нічога агульнага з народнай традыцыяй заканчэння збору ўраджаю, а ператварыліся ў паказуху для дыктатара», — заявіў кандыдат у прэзідэнты.

Саннікаў параўнаў Лукашэнку з афрыканскімі дыктатарамі-людаедамі

«У 1996 годзе, калі Лукашэнка незаконна захапіў уладу ў дзяржаве, ён страціў права называцца абраным прэзідэнтам. Ён стаў звычайным узурпатарам, як правадыры лацінаамерыканскіх курдаў ці афрыканскія дыктатары-людаеды, як дробныя фюрэры накшталт Чаўшэску. Праз гэта Беларусь затрымалася ў сваім развіцці на доўгія гады», — заявіў Андрэй Саннікаў.

Паводле слоў кандыдата, існуе дзве прычыны таго, што Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо 14 гадоў запар. Першая, з іх — гэта тое, што рэжым забіў у канцы 90-ых тых лідараў, якія маглі б супрацьстаяць Лукашэнку, заявіў кандыдат. Сярод такіх лідараў Андрэй Саннікаў назваў былога віцэ-спікера Вярхоўнага савета Беларусі Генадзя Карпенку, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранку, былога старшыню ЦВК Беларусі Віктара Ганчара.

Другой прычынай «даўгалецця дыктатуры Лукашэнкі» лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» лічыць цярпенне беларускага народа. «Лукашэнка запалохаў многіх, ператварыў людзей у рабоў кантрактнай сістэмы. Адно неасцярожна кінутае слова можа каштаваць чалавеку працы — ім проста не падоўжаць кантракт. Гэта самы просты спосаб прымусіць людзей баяцца ўласнага ценю», — лічыць кандыдат у прэзідэнты.

Саннікаў: Беларусь стала вялікай пацёмкінскай вёскай

«Беларусь стала вялікай пацёмкінскай вёскай, дзе ўсё трымаецца на хлусні, паказусе і страху. За свае перакананні чалавек можа апынуцца ў турме», — адзначыў Андрэй Саннікаў. Ён таксама падкрэсліў, што яму самому і яго родным — жонцы і маленькаму сыну — пагражалі забойствам. «У нашу кватэру ўрываліся з ператрусам і абшуквалі нават ложачак, у якім спаў трохгадовы сын», — растлумачыў кандыдат.

Саннікаў: да смерці Бябеніна па-чалавечы паставіліся толькі расійскія журналісты

У сваім выступе Андрэй Саннікаў таксама закрануў справы аб смерці беларускага журналіста Алега Бябеніна, які загінуў 3 верасня 2010 года. Беларускія следчыя заявілі, што журналіст скончыў жыццё самагубствам. Гэтую версію пацвердзілі пасля міжнародныя эксперты з АБСЕ. Аднак Андрэй Саннікаў не згодны з афіцыйнай версіяй следства. «Смерць Алега Бябеніна стала прадметам цынічных здзекаў лукашэнкаўскага тэлебачання. Чалавечае стаўленне да трагедыі праявілі толькі расійскія журналісты», — заявіў кандыдат у прэзідэнты Беларусі.

Па словах лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», у 1992 годзе беларусы здабылі незалежнасць, а ў 1994 годзе страцілі свабоду. Аднак сёння, перакананы кандыдат, у беларусаў ёсць шанец вярнуць страчаную свабоду. «Хопіць баяцца! Хай дыктатар і яго світа баіцца нас!», — звярнуўся Андрэй Саннікаў да выбаршчыкаў.

«Лукашэнка называе нас апазіцыяй. Але апазіцыяй даўно ўжо стаў ён сам і яго асяроддзе, тыя, хто жыве ў Драздах. Гэта яны ў апазіцыі да беларускага народа. А мы — не аппазіцыя. Мы не жывем за высокім плотам ў Драздах. Мы жывем у сваёй краіне, на сваёй зямлі. Мы тут гаспадары», — перакананы палітык.

«Як кажа мой цесць, Трафімыч: «Калі ў твой агарод забярэцца чужая свіння, ты ж не будзеш ствараць нейкія камісіі. Проста трэба ўзяць палку і выгнаць яе з свайго гарода»», — дадаў кандыдат.

Саннікаву сорамна за хамства Лукашэнкі

«Мне сорамна за хамства Лукашэнкі, за тое, як ён тыкае сваім падначаленым і публічна іх зневажае. Ніколі ў Беларусі не было такіх кіраўнікоў. Сёння сорамна глядзець, як сівавалосы генерал, які вымушаны цягнуцца у фронт перад маленькім хлопчыкам, апранутым у пацешную форму, толькі таму, што так захацеў яго тата-дыктатар», — падкрэсліў Андрэй Саннікаў.

У сваім выступе кандыдат таксама тэзісна распавёў аб сваёй перадвыбарнай праграме. Сярод найбольш важных змяненняў, за якія ён выступае, Андрэй Саннікаў назваў падзел уладаў, гарантыі незалежнасці судоў, незалежная ад улады прэса, адмену кантрактнай сістэмы, адраджэнне прафсаюзаў, якія будуць абараняць правы грамадзян, вяртанне льготаў ліквідатарам наступстваў выбуху на ЧАЭС, адмену ідэалогіі ў адукацыйных праграмах, бязвізавую прастору з Еўропай і паляпшэнне ўзроўню жыцця шараговых грамадзян да сярэднееўрапейскага ўзроўню.

Саннікаў ужо склаў спіс новага ўрада

Акрамя таго, Андрэй Саннікава адзначыў, што ў яго ўжо ёсць спіс новага ўрада. У яго, па словах кандыдата, уваходзяць як вядомыя дзеячы дэмакратычнага руху Беларусі, так і дзейныя чыноўнікі. Больш падрабязна спыніцца на сваёй праграме кандыдат абяцаў у сваім другім выступе 1 снежня.

«Кожны дзень знаходжання Лукашэнкі ва уладзе — гэта эканамічны жах для Беларусі. Галасуючы за новага прэзідэнта, вы ратуеце краіну ад краху», — падкрэсліў Андрэй Саннікаў.

У канцы свайго выступу кандыдат звярнуўся да бізнэсоўцаў з заклікам матэрыяльна падтрымаць дэмакратычных кандыдатаў, і да дзяржслужачых — з заклікам не парушаць законы і не перашкаджаць выбаршчыкам зрабіць свой выбар свабодна. Скончыў свой выступ Андрэй Саннікаў упэўненым «Мы пераможам!».

Как вам новость?
Головоломки