Саннікаў назваў маніфест ПБНФ недарэчным

24.08.2010 12:19
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў, які плануе вылучаць сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта Беларусі, назваў недарэчным "Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў", агучаны 23 жніўня кіраўніцтвам Партыі БНФ.

«Ні адзін разважны палітык Беларусі не падпіша выпушчаны цяперашнім кіраўніцтвам ПБНФ маніфест. Недарэчнасць гэтага дакументу настолькі відавочная, што прымушае задумацца аб сапраўдных мэтах яго ініцыятараў», — заявіў Андрэй Саннікаў.

Па словах палітыка, характэрна тое, што гэты маніфест з’явіўся менавіта тады, калі пазіцыя Расіі ў дачыненні да «апошняй дыктатуры Еўропы» пачала мяняцца. Андрэй Саннікаў лічыць, што гэта можа сведчыць аб тым, што ПБНФ баіцца, што ў Беларусі могуць адбыцца істотныя змены, і імкнецца гэтаму перашкодзіць, паведамляе прэс-цэнтр «Хартыі 97».

«Нядаўняя наша гісторыя вучыць, і давайце шчыра аб гэтым казаць, што змены ў Беларусі адбываліся пасля імпульсаў з Масквы, — сказаў лідар «Еўрапейскай Беларусі». — Што дрэннага ў тым, што сёння менавіта Масква зноў прыцягвае ўвагу да расследавання справаў зніклых, кажа аб карумпаванасці дыктатара Лукашэнкі і яго атачэння?»

Саннікаў: у ПБНФ і Лукашэнкі феадальныя ўяўленні аб сучасным свеце

«У гэтых ўмовы спроба кіраўнікоў ПБНФ прадставіць апазіцыю сляпымі і глухімі не вытрымлівае ніякай крытыкі. Яны разам з Лукашэнкам затрымаліся ў нейкіх феадальных уяўленнях аб сучасным свеце. Як і беларускі дыктатар, яны спрабуюць прысвоіць сабе права вызначаць, што трэба народу Беларусі», — заявіў Андрэй Саннікаў.

Па словах палітыка, беларуская апазіцыя скарыстаецца «рэальным шанцам пазбавіць краіну ад дыктатуры», які з’явіўся, хаця кіраўніцтва ПБНФ не хоча ў гэтым удзельнічаць.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 23 жніўня лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад партыі Рыгор Кастусёў агучылі «Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў», у якім значылася, што Беларусь павінна выйсці са складу Мытнага саюза і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Как вам новость?
Головоломки