Саннікаў і Някляеў не баяцца абвінавачанняў у стварэнні "прарасійскага блока"

12.11.2010 16:01
Архив Редакция

Прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў і кіраўнік руху «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, якія 12 лістапада абвясцілі аб каардынацыі сумесных дзеянняў у час перадвыбарчай кампаніі, паведамілі, што не баяцца таго, што іх саюз назавуць «прарасійскім блокам».

«Я не баюся. Таму што сёння ёсць рэальная сітуацыя, якую трэба ўлічваць. І калі з Еўропы раздаюцца галасы ў падтрымку Лукашэнкі (дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка — Тэлеграф), а з Расіі — у падтрымку апазіцыі, трэба гэта ўлічваць і вітаць. А гаворым мы толькі пра Беларусь», — заявіў Андрэй Саннікаў, перадае карэспандэнт Тэлеграфа.

«Калі Расія кажа пра тое, што ёй не абыякава, куды падзеліся нашы зніклыя палітыкі, як пройдуць нашыя выбары, заяўляе аб тым, што яна гатовая даслаць назіральнікаў, якія абяцаюць каардынаваць свае дзеянні з заходнімі і беларускімі назіральнікамі, так што нам рабіць выгляд, што мы не чуем гэтага? І нам слухаць паведамленні, зусім нечаканыя для мяне, хай на неафіцыйным узроўні, што яны (прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце — Тэлеграф) будуць вітаць не перамогу дэмакратыі, а перамогу рэжыму, дыктатуры, то я не ведаю, з кім сур’ёзна гаварыць далей. Дакладней ведаю, я буду гаварыць з тымі, хто падтрымлівае нас», — адзначыў Уладзімір Някляеў.

Пры гэтым Уладзімір Някляеў сказаў, што і думкі не дапускае аб тым, што распаўсюджаныя СМІ выказванні прэзідэнта Літвы з’яўляюцца пасланнем ўсяго Еўрасаюза. «Гэта неправераная інфармацыя, якой я не вельмі давяраю. Пакуль не будзе афіцыйнага пацверджання, я гэтаму не паверу», — дадаў палітык.

«З іншага боку мы ведаем, што ў Еўропе ёсць прыхільнікі Лукашэнкі, ёсць тыя, хто лабіруе яго інтарэсы. Мы арыентуемся на тых, хто выступае ў падтрымку правоў чалавека, дэмакратыі, незалежнасці Беларусі», — падкрэсліў Андрэй Саннікаў.

Саннікаў і Някляеў клічуць людзей на Плошчу

Уладзімір Някляеў лічыць, што адзіная пляцоўка, на якой можна весці перамовы, — гэта Плошча. «Пад Плошчай я не разумею нейкае канкрэтнае месца. Плошча — гэта мірны супраціў фальсіфікацыі выбараў, якая пачалася ўжо сёння», — адзначыў апазіцыйны палітык.

«Мы клічам адстаяць выбар народа. А выбар народа сёння не на карысць Лукашэнкі. Няўжо гэта яшчэ камусьці не зразумела? Нават Лукашэнку гэта зразумела, таму такая нерватропка ідзе апошнім часам», — адзначыў Андрэй Саннікаў,

«Ужо сёння гэтыя выбары можна прызнаць несвабоднымі і несправядлівымі. На сённяшні дзень мы не маем доступу да сродкаў масавай інфармацыі, не маем ніякага зразумелага адказу на нашы патрабаванні адносна назірання за выбарамі і падлікам галасоў. Усё застаецца ў тым самым фармаце, у якім праводзіліся папярэднія выбары, а гэта значыць, што ніякіх выбараў не прадбачыцца», — падкрэсліў Уладзімір Някляеў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, СМІ распаўсюдзілі выказванні прэзідэнта Літвы, агучаныя на закрытай сустрэчы, адносна выбараў у Беларусі. «Апазіцыя (у Беларусі — Тэлеграф) несур’ёзная і не мае шанцаў на любых выбарах. Лукашэнка мог бы выйграць, набраўшы 99% галасоў, але ён пераможа толькі з 75%, каб дагадзіць ЕС», — цытуе адзін з прысутных на сустрэчы дыпламатаў словы літоўскага прэзідэнта.

Прэс-сакратар прэзідэнта Літвы Лінас Бальсіc адмовіўся каментаваць словы Далі Грыбаўскайце. Прадстаўнік літоўскай лідаркі адзначыў, што «асобныя паведамленні СМІ з закрытых сустрэчаў звычайна не каментуюцца».

Как вам новость?
Головоломки