Саннікаў паставіў сабе задачу — змяніць уладу ў Беларусі

30.08.2010 16:38
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай ініцыятывы "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў, прэтэндуючы на пасаду прэзідэнта Беларусі, паставіў перад сабой мэту "змены ўлады і палітычнага рэжыму ў краіне". "Калі не будзе зменаў, нават страшна падумаць, што адбудзецца з Беларуссю", — заявіў апазіцыйны палітык.

Па словах Андрэя Саннікава, перамены ў краіне магчымыя, рэальныя і могуць адбыцца ў найбліжэйшыя паўгода. Аднак беларускай апазіцыі неабходна засяродзіцца на тым, як наблізіць перамены і адысці ад стэрэатыпаў, лічыць Андрэй Саннікаў, перадае БелаПАН.

«Па сутнасці, мы ня ўдзельнічаем у выбарах. У Беларусі няма выбарчых кампаній, якія мы бачым у нашых суседзяў, калі прэзідэнты мяняюцца, а грамадства рухаецца наперад. Нягледзячы на гэта, мы робім дзеянні, накіраваныя на перамену сітуацыі ў Беларусі», — распавёў Андрэй Саннікаў.

Тым не менш, апазіцыйны палітык упэўнены, што на будучых выбарах супернік дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі зможа атрымаць перамогу. «Сітуацыя для Беларусі цяпер унікальная: найглыбейшы эканамічны крызіс, адсутнасць ва ўлады рашэнняў звязаных з ім праблем. Рознагалоссі ва ўрадзе, кіраўніцтве толькі падкрэсліваюць, наколькі глыбокі гэты крызіс. Да таго ж змянілася роля Расіі, не заўважаць якую і не выкарыстоўваць для змены сітуацыі нельга», — лічыць Андрэй Саннікаў.

Саннікаў: арыентацыя на Еўрасаюз і партнёрства з Расіяй — залог поспеху

«Залогам і формулай поспеху» лідар «Еўрапейскай Беларусі» лічыць стратэгію, заснаваную на арыентацыі на Еўрасаюз, членства ў ім, а таксама стратэгічнае партнёрства з Расіяй.

«Іншыя прэтэндэнты кажуць, што з Расіяй немагчыма дамаўляцца, што трэба змагацца і з нейкім пракрамлёўскім кандыдатам. Цяпер іншая сітуацыя, іншая дынаміка яе развіцця. Трэба гэтую дынаміку заўважаць, аналізаваць і ў адпаведнасці з ёй дзейнічаць», — перакананы Андрэй Саннікаў.

«Расія змяніла сваю пазіцыю. Яна пасылае сігналы: мы з Лукашэнкам не будзем мець справу, будзем мець справу з новым кіраўніцтвам Беларусі. На мой погляд, усё пра гэта кажа. Ад нас, ад народа Беларусі залежыць, якім будзе гэта кіраўніцтва», — дадаў апазіцыйны палітык.

Как вам новость?
Головоломки