Саннікаў: таемны перавоз Бакіева ў Мінск — ганьба для Беларусі

21.04.2010 12:35
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў пракаментаваў зробленую Аляксандрам Лукашэнкам 20 красавіка заяву аб тым, што прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Мінску. "Таемнае перакідка з Казахстана ў Мінск збеглага дыктатара Бакіева — ганьба для Беларусі", — лічыць палітык.

«Зразумелая любоў Лукашэнкі да ізгояў, але беларусам нічога, акрамя праблемаў і сораму знаходжанне Бакіева ў краіне не прынясе, — заявіў Андрэй Саннікаў у інтэрв’ю прэс-цэнтру «Хартыі 97″. — На роўным месцы Лукашэнка здолеў стварыць канфлікт з Кыргызстанам, Казахстанам і Расіяй. Яго агрэсіўная падтрымка зрынутага Бакіева і зацятасць, з якой ён працягвае называць яго дзейсным прэзідэнтам, з’яўляецца прамым умяшаннем ва ўнутраныя справы Кыргызстана і вядзе да эскалацыі напружанасці ў гэтай краіне. Лукашэнка ўцягвае Беларусь у разборкі сярэднеазіяцкіх кланаў, зусім непатрэбныя нашай еўрапейскай краіне».

На думку палітыка, абсалютна відавочна, што «ніякіх адказаў на эканамічныя праблемы і выклікі ў прэзідэнта няма, і ён карыстаецца любой магчымасцю, каб адцягнуць увагу народа ад надзённых пытанняў».

«Менавіта для гэтага яму патрэбны скандальчык з Бакіевым. Але Беларусі не патрэбныя ні бакіевы, ні чавесы, ні ахмадзінежады, — лічыць Андрэй Саннікаў. — Беларусь павінна быць у Еўропе і паводзіць сябе ў адпаведнасці з еўрапейскімі правіламі. Толькі так нашая краіна зможа вырашыць свае эканамічныя праблемы і пры гэтым выбудаваць звычайныя ўзаемавыгадныя адносіны з усімі былымі рэспублікамі Савецкага Саюза. І гэта абавязкова адбудзецца ў хуткім часе».

Как вам новость?
Головоломки