Саннікаў: трэба пракантраляваць "незалежных" экспертаў АБСЕ

09.09.2010 17:28
Архив Редакция

Сябрам і калегам загінулага журналіста Алега Бябеніна варта праявіць ініцыятыву і звярнуцца ў АБСЕ, з тым каб у Беларусь для правядзення аб'ектыўнага расследавання прыбылі "сапраўды незалежныя эксперты". Пра гэта заявіў лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў.

«Ініцыятыву МЗС можна толькі вітаць, калі гэта сапраўды сур’ёзна. Аднак трэба будзе вельмі ўважліва глядзець, што гэта будуць за эксперты. У нас ёсць ужо сумны досвед зняволення «экспертаў», якія былі запрошаныя ў Беларусь дзяржавай», — растлумачыў беларускі апазіцыйны палітык.

Андрэй Саннікаў нагадаў, што ў траўні 2009 года офіс АБСЕ ў Мінску атрымаў запыт ад МЗС Беларусі аб аказанні дапамогі ўраду ў пошуку незалежнага міжнароднага эксперта ў галіне права для вывучэння справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. У адказ АБСЕ прапанавала кандыдатуру Марціна Фінке, перадае БелаПАН.

«Спецыяліст наведаў Беларусь 8-10 чэрвеня і прызнаў, што справа ў дачыненні да іх расследуецца без юрыдычных парушэнняў, а асцярогі праваабаронцаў пра яго палітычны характары беспадстаўныя. Аднак у выніку суд прызнаў Аўтуховіча, Асіпенку і Лявонава невінаватымі ў тым, што ім інкрымінавалі, — у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту, тым самым перакрэсліўшы «экспертызу» Фінке. Такіх «экспертаў» нам больш не трэба», — адзначыў Андрэй Саннікаў.

Больш за тое, лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» заявіў, што ён сам будзе тэлефанаваць сваім «сябрам, якія маглі б парэкамендаваць экспертаў».

Як раней перадаваў Тэлеграф, Беларусь плануе запрасіць экспертаў-крыміналістаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) для азнаямлення з матэрыяламі справы аб смерці журналіста Алега Бябеніна.

Цела апазіцыйнага журналіста знайшлі 3 верасня на яго лецішчы пад Мінскам. Генеральная пракуратура Беларусі пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы прыйшла да высновы аб тым, што журналіст скончыў жыццё самагубствам. Тым не менш, калегі і родныя Алега Бябеніна не вераць у афіцыйную версію, сцвярджаючы, што для гэтага ў яго не было матываў.

Как вам новость?
Головоломки