Саннікаў у судзе дэманстратыўна павярнуўся да Раманчука спінай

05.05.2011 08:43
Архив Редакция

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, якога судзяць па справе аб масавых беспарадках 19 снежня, на пасяджэнні суда 4 траўня адмовіўся глядзець у вочы былому кандыдату ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраславу Раманчуку, які выступаў на працэсе ў якасці сведкі.

Калі суддзя спытала ў падсуднага, ці ёсць у яго пытанні да сведкі, Андрэй Саннікаў сказаў: «Пытанняў да сведкі, які актыўна ўдзельнічаў у тым, каб мая жонка апынулася ў турме, у мяне няма».

Перад гэтым Яраслаў Раманчук паведаміў, што лідар «Еўрапейскай Беларусі» і яшчэ адзін экс-кандыдат Уладзімір Някляеў прапаноўвалі яму зняць сваю кандыдатуру на іх карысць, аднак ён вырашыў не здымацца і праводзіць сваю партыйную праграму.

Таксама прадстаўнік АГП распавёў, што ў апазіцыйных лідараў не было агульнага плана дзеянняў у ходзе акцыі 19 снежня, і падкрэсліў, што, тым не менш, апазіцыя жадала толькі дыялогу. Моманту біцця шкла ў Доме ўрада Яраслаў Раманчук, па яго словах, не бачыў, роўна як і не бачыў, дзе ў гэты момант знаходзіліся іншыя палітыкі.

Як вядома, частка беларускіх апазіцыянераў называе Яраслава Раманчука здраднікам, пасля таго як ён выступіў пасля акцыі 19 снежня з заявай, перададзенай яму прадстаўнікамі сілавых структур.

Как вам новость?