Савет бяспекі залічыў апазіцыю да радыкальных фармаванняў

30.07.2010 15:42
Архив Редакция

Галоўны саветнік дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі Ігар Паддубскі апублікаваў у аналітычным часопісе «Беларуская думка» артыкул «Некаторыя аспекты дзейнасці радыкальных фармаванняў». У ёй прадстаўнік Савета бяспекі да ліку радыкальных фармаванняў залічыў практычна ўсе апазіцыйна настроеныя моладзевыя структуры, якія дзейнічаюць у Беларусі.

«У Рэспубліцы Беларусь, нягледзячы на нізкую ступень распаўсюду ў моладзевым асяродку радыкальных ідэяў, ні адна з рэальна дзейных незарэгістраваных структураў добраахвотна не спыніла сваёй дзейнасці. У краіне працягваюць функцыянаваць больш за дзесяць моладзевых радыкальных фармаванняў», — расказаў у сваім артыкуле Ігар Паддубскі.

Нараўне з такімі прафашысцкімі арганізацыямі, як Рускае нацыянальнае адзінства, Скінхэды, «Белая воля», «Брытагаловыя ваўкі-88», Ігар Паддубскі да радыкальных фармаванняў аднёс «Малады фронт», «Моладзь БНФ», «Маладая Беларусь», «Маладых дэмакратаў» , «Маладых сацыял-дэмакратаў», паведаміла шэф-рэдактарка газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна.

«Мяркуючы па стылі, апублікаваны артыкул — гэта пераробленая аналітычная запіска аб тэндэнцыях у апазіцыйным моладзевым асяроддзі — як яго бачыць Савет бяспекі», — сказала журналістка.