Савет бяспекі зробіць больш жорсткай крымінальную адказнасць для бізнэсоўцаў

22.07.2010 09:21
Архив Редакция

Савет бяспекі Беларусі падрыхтаваў і накіраваў у Адміністрацыю прэзідэнта прапановы па ўзмацненні крымінальнай адказнасці для бізнэсу. Мяркуецца ўвядзенне крымінальнай адказнасці за страту бухгалтарскіх дакументаў і ўзмацненне барацьбы з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі і асобамі, на якіх рэгіструюцца такія юрасобы.

На сённяшні дзень крымінальная адказнасць за ілжэпрадпрымальніцтва, паводле артыкула 234 Крымінальнага кодэксу Беларусі, наступае за  «дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка або стварэнне юрыдычнай асобы без намеру ажыццяўляць прадпрымальніцкую або статутную дзейнасць у мэтах атрымання пазыкаў, крэдытаў, альбо для прыкрыцця забароненай дзейнасці, альбо для ўтойвання, заніжэння прыбытку, даходаў або іншых аб’ектаў падаткаабкладання, альбо для атрымання іншай маёмаснай выгады».

Сутнасць прапановы ж Савета бяспекі заключаецца ў тым, каб крымінальная адказнасць наступала незалежна ад наяўнасці якой-небудзь мэты. На думку ведамства, гэта дапаможа ў барацьбе з рэгістрацыяй фірмаў за невялікае ўзнагароджанне на цалкам старонніх людзей, якія толькі даюць для гэтага свой пашпарт, а потым цалкам не ведаюць, чым займаецца зарэгістраваная структура, а ў большасці выпадкаў гэта — фінансавыя махінацыі, перадае «Ежедневник».

Па дадзеных Савета бяспекі, у дзейнасць падобных ілжэпрадпрымальніцкіх структур упіраецца практычна кожнае фінансавае расследаванне, якое праводзіцца ў МУС, КДБ ці ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК. У той жа час, цяпер людзям, якія даюць свае дакументы для рэгістрацыі такіх кампаніяў,  ніякая адказнасць за гэта не пагражае, што дазваляе ім пасля выкліку на допыт працягваць зарабляць такім спосабам.

Што ж тычыцца бухгалтарскіх дакументаў, то тут Савет бяспекі непакояць выпадкі знішчэння іх бізнэсоўцамі, якія заяўляюць пасля аб іх страце, што робіць немагчымым завяршэнне расследавання шматлікіх спраў.

Как вам новость?