"СБ" адказала на рэзалюцыю ЕП новым кампраматам на апазіцыю

21.01.2011 11:09
Архив Редакция

Друкаваны орган Адміністрацыі прэзідэнта «Савецкая Беларусь» 21 студзеня апублікавала «Некаторыя матэрыялы аб падзеях 19 снежня» — працяг артыкула «За кулісамі адной змовы». Новую публікацыю выданне прысвяціла тэме «заходніх цэнтраў па стварэнні ў Беларусі пэўных структураў, мэтай якіх было звяржэнне законна абранай улады», што працавалі з Андрэем Саннікавым і Ірынай Халіп.

Ананімны аўтар артыкула (раней аўтарам цыклу ў «СБ» назвалі свайго галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча, аднак гэты матэрыял выйшаў без подпісу — Тэлеграф) нагадвае, што ён напісаны паводле дакументаў, «прадстаўленых па ўказанні прэзідэнта спецслужбамі для публікацыі ў рэспубліканскіх СМІ».

Паводле яго інфармацыі, беларуская апазіцыя перадавала свае праекты за мяжу, і калі там іх зацвярджалі, то перадавалі сродкі на ўвасабленне такіх планаў, а таксама падавалі магчымасці навучання для тых, хто будзе іх ажыццяўляць.

«Кіраўнікі структураў і іх «актывісты» праходзілі адпаведнае навучанне, затым яны прадстаўляліся дзяржаўным кіраўнікам і прыступалі да рэалізацыі планаў. У адпаведнасці з агульнай задумай структураў стваралася некалькі. Пра адну з іх, названую «Грамадзянская кампанія «Гавары праўду», дакументы спецслужбаў распавялі вычарпальна. ГК ГП дублявалі праект, які атрымаў назву Грамадзянская ініцыятыва «Еўрапейская Беларусь». Кіравала гэтай арганізацыяй сямейная пара А. Саннікаў — І. Халіп. План, распрацаваны структурай, зваўся «Стратэгія перамогі» і быў усебакова ўхвалены замежнымі грантадаўцамі», — сказана ў матэрыяле.

Паводле дадзенага матэрыялу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў рыхтаваў маркетолагаў, PR-мэнэджараў і дызайнераў, лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч лабіяваў інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі на міжнародным узроўні, кандыдат у прэзідэнты 2006 года Аляксандр Казулін «свабодна валодае толькі рускай мовай», а на старшыню апазіцыйнай партыі камуністаў Сяргея Калякіна на прэзідэнцкіх выбарах павінна было зрабіць стаўку расійскае кіраўніцтва.

«Рэальна ад беларускай апазіцыі на выбарах магчымы ўдзел двух рэальных кандыдатаў — А. Саннікава і А. Мілінкевіча», — адзначае «Савецкая Беларусь».

І працягвае:

«Гэтая інфармацыя пададзеная А. Саннікавым і І. Халіп для звестак спонсарам, якія павінны былі прафінансаваць грамадзянскую ініцыятыву «Еўрапейская Беларусь». Звяртае на сябе ўвагу цынізм складальнікаў у галіне характарыстык указаных асобаў. Без лішняй сціпласці праслаўляюцца вартасці Саннікава і некалькімі кплівымі словамі зневажаюцца яго магчымыя супернікі».

Для дасягнення сваіх мэтаў кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў «пераводзіў сацыяльныя пратэсты ў палітычныя маніфестацыі і кампанію грамадзянскага непадпарадкавання з мэтай змены палітычнага рэжыму Беларусі». Прычым змяніць Аляксандра Лукашэнку палітык планаваў «да 25 сакавіка 2011 года», піша выданне.

Як раней перадаваў Тэлеграф, выданне «Савецкая Беларусь» 14 студзеня паведаміла, што па ўказанні прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў рэдакцыю былі перададзеныя да публікацыі рассакрэчаныя дакументы беларускіх спецслужбаў аб падзеях 19 снежня. У дадзеных дакументах прыводзіцца інфармацыя аб замежным фінансаванні беларускай апазіцыі, у прыватнасці, былых кандыдатаў у прэзідэнты. Артыкулы «СБ» не падпісаныя, аднак у газеце заяўлялі, што іх піша галоўны рэдактар выдання Павел Якубовіч.

Тым часам, дэпутаты Еўрапарламенту ў чацвер, 20 студзеня, прынялі рэзалюцыю, якая заклікае да неадкладнага ўвядзення санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі. Дакумент заклікае Раду ЕС, у прыватнасці, увесці забарону на выдачу візаў і замарозіць актывы ў краінах ЕС беларускіх кіраўнікоў вышэйшага звяна, чыноўнікаў, супрацоўнікаў судовых органаў і органаў бяспекі, якія, на думку Еўрасаюза, нясуць адказнасць за фальсіфікацыю снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў і пераслед апазіцыі.

Как вам новость?
Головоломки