СБ рэкамендуе Беларусі паскорыць падатковыя рэформы

09.07.2010 08:53
Архив Редакция

Для росту прамысловасці і эканамічнага развіцця Беларусі неабходна ліквідаваць бар'еры для функцыянавання рынкаў і паскорыць падатковыя рэформы. Пра гэта восьмага ліпеня заявіла старэйшая эканамістка Сусветнага банка па Беларусі Марына Баканава. Па словах эксперта, таксама неабходна садзейнічаць стварэнню інфраструктуры для развіцця новых прадпрыемстваў, новых відаў дзейнасці, у тым ліку і ў прамысловым сектары.

«Для гэтага Беларусі неабходна ўдасканальваць сваю фінансавую сістэму, у тым ліку паскорыць падатковую рэформу, — адзначыла Марына Баканава. — У прыватнасці, Сусветны банк прапануе Беларусі паэтапна скарачаць падатковую нагрузку пры адначасовым пашырэнні падатковай базы. Рэкамендуецца таксама адмяніць скажальныя падаткі і знізіць высокія гранічныя стаўкі прамых падаткаў».

Аналізуючы паказчыкі працы прамысловасці Беларусі ў 2005-2008 гадах, старэйшыя эканамістка Сусветнага банка падкрэсліла, што яны заставаліся на высокім узроўні. Па словах Марыны Баканавай, спрыяльнае асяроддзе на сусветных рынках, узровень экспартных коштаў, высокі ўзровень попыту на імпарт у Расіі і іншыя паказчыкі з’яўляюцца спрыяльным фактарамі для прамысловага росту Беларусі, паведамляе БелТА.

«У той жа час былі і трывожныя сігналы, падставы для занепакоенасці, — падкрэсліла экспертка. — У іх ліку, у прыватнасці, тое, што прамысловы рост ўсё больш залежны ад росту паліўнай галіны. Рост прадукцыйнасці ў Беларусі запавольваецца і засноўваецца на павышэнні прадукцыйнасці ўнутры фірмаў».

Пры гэтым Марына Баканава дадала, што рост заработнай платы апярэджвае рост прадукцыйнасці працы. «Акрамя гэтага, заклапочанасць Сусветнага банка выклікае і высокі ўзровень загрузкі беларускіх вытворчых магутнасцяў, недахоп абсталявання і кваліфікаванага персаналу», — адзначыла спецыялістка.

Сусветны банк рэкамендуе Беларусі прыцягваць наўпроставыя замежныя інвестыцыі

Для далейшага развіцця прамысловасці Сусветны банк рэкамендуе Беларусі стымуляваць прыватызацыю і прыцягненне наўпроставых замежных інвестыцыяў, расказала старэйшая эканамістка банка. «Але пры гэтым прыватызацыя павінна весціся дыферэнцыявана, у залежнасці ад галіны прамысловасці», — адзначыла экспертка.

Марына Баканава таксама адзначыла, што неабходна ўзмацніць матывацыю кіраўнікоў з акцэнтам на максімізацыю прыбытку і інавацыі. Беларусі таксама варта весці паэтапную адмену практыкі ўстанаўлення колькасных паказчыкаў і кантролю заработнай платы, дадала экспэртка.

«У прыватным сектары Сусветны банк рэкамендуе Беларусі забяспечыць роўныя магчымасці для дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, садзейнічаць роўнаму доступу да фінансавых рэсурсаў, зямельных участках, аб’ектаў нерухомасці.

Акрамя гэтага, рэкамендуецца ліквідаваць бюракратычныя перашкоды: скараціць рэгулятарныя і ліцэнзійныя патрабаванні, спрасціць працэдуры адкрыцця і закрыцця бізнэсу», — распавяла спецыялістка Сусветнага банка.

Акрамя таго, па словах Марыны Баканавай, Сусветны банк таксама рэкамендуе павысіць гібкасць на рынку працы шляхам лібералізацыі палітыкі аплаты працы і кадравай палітыкі, забеспячэння адпаведнасці праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі — падрыхтоўкі кадраў патрэбам эканомікі.

«Неабходна зменшыць скажэнні на крэдытным рынку: скараціць маштаб праграмаў дырэктыўнага крэдытавання і пашырыць магчымасці атрымання крэдытных рэсурсаў малымі і сярэднімі прадпрыемствамі», — падсумавала эксперт.

Как вам новость?
Головоломки