Сбербанк абяцае прадпрыемствам Беларусі сотні мільёнаў даляраў

24.03.2010 16:24
Архив Редакция

Сбербанк Расіі на працягу бліжэйшых месяцаў гатовы пракрэдытаваць буйныя беларускія прадпрыемствы на некалькі сотняў мільёнаў даляраў. Такую заяву на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім зрабіў старшыня кіравання Ашчадбанка Расіі Герман Грэф.

«Сённяшняя сітуацыя спрыяе нашай працы ў Беларусі. У нашага банка ёсць значныя вольныя рэсурсы, і мы ўжо на працягу бліжэйшых месяцаў зможам пракрэдытаваць на некалькі сотняў мільёнаў даляраў найбуйнейшыя прадпрыемствы Беларусі», — падкрэсліў банкір.

Герман Грэф звярнуў увагу на тое, што Сбербанк пачаў працаваць з рэгіёнамі Расіі па крэдытаванні расійскага імпарту беларускай тэхнікі, таксама распачата рэалізацыя лізінгавых праектаў, звязаных з продажам беларускай прадукцыі, паведамляе  БелТА.

Старшыня кіравання расійскага банка адзначыў, што з цяперашнім яго візітам у Беларусь скончваецца этап уваходжання Сбербанка на беларускі рынак і пачынаецца этап развіцця. «У нас эфектыўная праца, супрацоўніцтва. Гэты пачатак нашай працы. Мы гатовыя да максімальнага развіцця нашых адносін», — дадаў Герман Грэф.

Кіраўнік Сбербанка выказаў падзяку кіраўніцтву Беларусі за сумесную працу ў няпросты крызісны перыяд. «Такое ўзаемадзеянне з беларускім бокам абавязвае нас да таго, каб мы адпаведным чынам выконвалі свае абавязкі», — адзначыў старшыня кіравання.

Как вам новость?