Сбербанк Расіі не плануе даваць крэдыты Беларусі

11.03.2011 10:15
Архив Редакция

Сбербанк Расіі не плануе даваць Беларусі крэдыты. Пра гэта 10 сакавіка заявіў кіраўнік Сбербанка Герман Грэф. "Мы - камерцыйны банк, і мы не займаемся прадстаўленнем крэдытаў на падтрымку золатавалютных рэзерваў або паляпшэнне аплатнага балансу. Гэта не наша задача", - растлумачыў Герман Грэф.

У той жа час Сбербанк, па словах яго кіраўніка, гатовы стаць арганізатарам размяшчэння еўрабондаў на фінансавым рынку Расіі. Герман Грэф заявіў, што зробіць усе намаганні, каб чарговы выпуск беларускіх дзяржаблігацый у расійскіх рублях быў яшчэ больш паспяховым, чым першы. Таксама Сбербанк гатовы прыняць удзел у будаўніцтве аб’ектаў будучай беларускай АЭС, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Кіраўнік Сбербанка Расіі адзначыў, што бізнэс фінансавага інстытута ў Беларусі развіваецца дастаткова пазітыўна. «За мінулы год мы падвоілі тут аб’ём нашых актываў, амаль на 60% павялічыўся аб’ём чыстага прыбытку. І пачатак гэтага года кажа аб тым, што тэмпы крэдытавання ў Беларусі захоўваюцца ў нас на вельмі высокім узроўні», — заявіў Герман Грэф.

Кіраўнік Сбербанка праінфармаваў аб тым, што яго сустрэча з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прайшла плённа. «Мы канстатавалі, што цалкам выконваем тыя дамоўленасці, якіх дасягнулі пры набыцці «Белпрамбудбанка». Аб’ём нашага супрацоўніцтва расце значна больш высокімі тэмпамі, чым мы меркавалі ў самым аптымістычным сцэнары. Гэта адбываецца практычна па ўсім аб’ёме ўзаемаадносін — як у Расіі, так і ў Беларусі», — адзначыў Герман Грэф.

Сустрэчай з беларускім прэм’ерам Міхаілам Мясніковічам кіраўнік Сбербанка таксама застаўся задаволены. Ён асабліва адзначыў «прафесійную пастаноўку ўсіх пытанняў ў вельмі няпростай макраэканамічнай сітуацыі» з боку кіраўніка беларускага ўрада, перадае БелаПАН.

Герман Грэф таксама заявіў, што ў вядзенні бізнэсу ў Беларусі «асаблівых перашкод не адчуваецца», аднак адзначыў, што «рэжым валютнага рэгулявання мог бы быць і больш ліберальным». «Але мы бачым, што патокі капіталу і тавараў праз межы павялічваюцца. І ў абслугоўванні гэтых патокаў — безумоўна, патэнцыял для развіцця нашага бізнэсу. Лічу, што, наогул, сціранне эканамічных межаў — гэта вельмі пазітыўны працэс для эканомік усіх трох краін», — заявіў кіраўнік Сбербанка Расіі.