Сідорскі абяцае аформіць дакументы па АЭП да канца года

15.10.2010 09:42
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў у ходзе дакладу прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку 14 кастрычніка, што ўрад прыме ўсе меры, каб у лістападзе-снежні выйсці на «афармленне гатовых дакументаў па Адзінай эканамічнай прасторы» у рамках Мытнага саюза. Па словах прэм'ера, гэтая тэма будзе абмяркоўвацца 15 кастрычніка на сустрэчы кіраўнікоў урадаў Беларусі, Расіі і Казахстана ў Маскве.

Як адзначыў беларускі прэм’ер, эксперты і віцэ-прэм’еры трох краін ужо дэталёва прапрацавалі некаторыя напрамкі, пакінуўшы на разгляд прэм’ер-міністраў спрэчныя моманты ў энергетыцы і чыгуначных перавозках грузаў.

Акрамя таго, 15 кастрычніка ў Маскве пройдзе і пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, парадак дня якога налічвае больш за 30 пунктаў.

Па словах кіраўніка беларускага ўрада, у цэнтры ўвагі саюзнага Саўміна будзе знаходзіцца выкананне бюджэту Саюзнай дзяржавы ў 2010 годзе, бюджэт наступнага года, пытанні развіцця гандлёва-эканамічных адносін за дзевяць месяцаў 2010 года, знешнегандлёвых адносін з Расійскай Федэрацыяй.

У посткрызісны год Беларусь і Расія дэманструюць нядрэнныя тэмпы росту аб’ёму таваразвароту, што дае падставы разлічваць на добрыя вынікі гандлю па выніках года, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі. Як адзначыў Сяргей Сідорскі, на Саўміне плануецца таксама «вызначыць тыя нішы, дзе абедзве краіны могуць яшчэ дадаць ў гандлі».

На пасяджэнні Саўміна будуць абмеркаваны і пытанні ваенна-палітычнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, што датычацца аховы сумеснай мяжы, выхаду на рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых на мінулым пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета ў Маскве па сумесным СПА і групоўках войскаў, якія забяспечваюць ахову і баяздольнасць Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, на разгляд удзельнікаў паседжання вынесены пытанні інавацыйнага супрацоўніцтва. Плануецца зацвердзіць шэраг мерапрыемстваў на 2011-2015 гады па развіцці мікра-, біятэхналогій і іншых напрамкаў.

Будуць абмеркаваны таксама пытанні забеспячэння роўных правоў грамадзян дзвюх краін.

Как вам новость?
Головоломки