Сідорскі абяцае бюджэтнікам заробкі не меншыя за 200 даляраў

25.08.2010 15:48
Архив Редакция

У арганізацыях бюджэтнай сферы заробку меншага за 200 даляраў у эквіваленце быць не павінна. Пра гэта заявіў 25 жніўня прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з актывам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Па словах прэм'ера, да канца гэтага года ў Беларусі сярэдні заробак па краіне будзе павялічаны да 500 у эквіваленце, у бюджэтнай сферы — да 410 у эквіваленце.

«Урад распрацаваў прапанову па павышэнні заработнай платы ў бюджэтнай сферы і накіравала яго на разгляд прэзідэнту», — адзначыў Сяргей Сідорскі, перадае БелТА.

Павышэнне заробку мяркуецца рабіць у два этапы. На першым этапе (з 1 верасня) плануецца павышэнне тарыфных ставак акладаў для нізкааплатных катэгорый працаўнікоў за кошт змянення карэкціруючых каэфіцыентаў. Так, з 1 верасня прапануецца павысіць тарыфныя стаўкі акладаў маладым спецыялістам, якія накіроўваюцца на працу ў бюджэтныя арганізацыі, педагагічным працаўнікам (за выключэннем прафесарска-выкладчыцкага складу), лекарам бюджэтных арганізацыяў, работнікам устаноў сацыяльнага абслугоўвання і культурна-асветніцкіх устаноў.

На другім этапе (з 1 лістапада), каб падтрымаць усіх працаўнікоў бюджэтнай сферы, плануецца павышэнне стаўкі першага разраду, паведаміў беларускі прэм’ер.

Кажучы пра крыніцы павелічэння заработнай платы, Сяргей Сідорскі растлумачыў: «Гэта будзе зроблена не за кошт дырэктывы, мы не пакладзем эканоміку, мы зробім усё, каб нашы прадпрыемствы выйшлі на ўзровень заработнай платы за кошт унутраных рэзерваў». Да прыкладу, толькі зніжэнне выдаткаў, матэрыялаёмістасці на 1-2% у мінпраме дае рост заробку ад 20% да 40%, адзначыў прэм’ер-міністр Беларусі.

Сяргей Сідорскі таксама нагадаў, што ў перыяд крызісу многія ліберальныя эканомікі пайшлі на тое, што знізілі заробак. «Нам нельга дапусціць таго, каб мы абнадзеім наша насельніцтва, дамо заробак, а потым скінем. Такога ў краіне не адбудзецца. Гэта катэгарычна недапушчальна», — падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Сідорскі: ФПБ павінна граць актыўную ролю ў наладжванні супрацоўніцтва з МАП

Акрамя таго, беларускі прэм’ер таксама адзначыў, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі павінна граць больш актыўную ролю ў наладжванні супрацоўніцтва з Міжнароднай арганізацыяй працы. «Нам бы хацелася, каб Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адыгрывала больш актыўную ролю ў вырашэнні задачы па наладжванні супрацоўніцтва нашай краіны з Міжнароднай арганізацыяй працы», — сказаў прэм’ер.

Урад Беларусі на працягу апошняга дзесяцігоддзя вядзе складаны дыялог з МАП па навязанай праблеме захавання правоў прафсаюзаў у нашай краіне, сказаў Сяргей Сідорскі. У апошнія гады ў Беларусі атрымалася дамагчыся больш аб’ектыўнага стаўлення з боку МАП да гэтага пытання. Аднак канчаткова праблемы не знятыя, не вырашана галоўная задача: ЕС не аднавіў для Беларусі мытныя прэферэнцыі ў рамках Абагульненай сістэмы прэферэнцый ЕС, якія былі прыпыненыя ў 2007 годзе, адзначыў прэм’ер.

«Мы сёння пры пастаўках нашай прадукцыі плацім пошліны ад 5% да 15% па розных відах. Такім чынам нас ціснуць на знешнім рынку, і наша прадукцыя становіцца неканкурэнтаздольнай», — сказаў прэм’ер-міністр, дадаўшы, што «прынцыповыя нашы апаненты ў вырашэнні гэтага пытання знаходзяцца ў асяроддзі міжнароднага прафсаюзнага руху».

На думку Сяргея Сідорскага, ФПБ магла б больш настойліва выкарыстоўваць свой аўтарытэт, свае сувязі з міжнароднымі і нацыянальнымі прафцэнтрамі для таго, каб аказваць уплыў на перамоўны працэс і садзейнічаць ураду Беларусі ў канчатковым зняцці прэтэнзіяў з боку МАП.

Как вам новость?
Головоломки