Сідорскі: Беларусь працягне прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў

09.08.2010 12:18
Архив Редакция

У наш час у Беларусі ідзе актыўнае пераўтварэнне дзяржаўных прадпрыемстваў у акцыянерныя грамадствы. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі падчас працоўнай сустрэчы са сталым прадстаўніком Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Наталляй Калядзінай. Па яго словах, рэспубліка прыхільна ставіцца да далейшай прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў.

Прэм’ер-міністр нагадаў, што 1 сакавіка 2010 года прэзідэнт Беларусі аддаў распараджэнне пра адчужэнне на конкурсе акцый пяці акцыянерных грамадстваў: «Бабруйскі машынабудаўнічы завод», «ВАЎМЕТ» (Ваўкавыск), «Лідскі ліцейна-механічны завод», «Бархім» (Баранавічы) і «Рэчыцкі тэкстыль», паведамілі ў Савеце міністраў Беларусі.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі падрыхтаваў гэты спіс сумесна з МВФ. Акцыі прадпрыемстваў плануюць прадаць пры актыўным удзеле кансультантаў замежных кампаній. Напачатку восені плануецца правесці конкурс па продажы прыналежных дзяржаве акцый гэтых пяці ААТ.

Па словах Сяргея Сідорскага, замежных партнёраў Беларусі цешыць, што эканоміка краіны знаходзіцца на ўздыме. Беларускі прэм’ер паведаміў, што ў першым паўгоддзі рост ВУП Беларусі склаў больш за 106%, а другое паўгоддзе плануецца яшчэ больш актыўным. «Прынамсі, урад разлічвае на гэта, з тым каб выйсці на значныя тэмпы развіцця нашай эканомікі ў будучым пяцігоддзі», — падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

У сваю чаргу, Наталля Калядзіна адзначыла, што ў Беларусі ў рамках праграмы з МВФ было зроблена вельмі шмат і зараз «важна не толькі не страціць усё, што было зроблена ў рамках праграмы, а наадварот — павялічыць і выкарыстоўваць гэта, каб беларуская эканоміка ў будучыні расла больш высокімі тэмпамі і захоўвалася макраэканамічная стабільнасць».

Как вам новость?