Сідорскі чакае ад Казахстана інвестыцый у абмен на інавацыі

20.05.2010 13:00
Архив Редакция

Інвестыцыі казахстанскіх бізнэсмэнаў у беларускую эканоміку і іх жаданне працаваць у Беларусі будуць вітацца беларускім бокам, які гатовы прапанаваць Казахстану інавацыйныя праекты. Пра гэта 20 траўня заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пленарным паседжанні беларуска-казахстанскага дзелавога форуму ў Мінску.

Беларускі прэм’ер нагадаў, што ў Беларусі для інвестараў дзейнічае шэраг ільготаў. Па словах Сяргея Сідорскага, Беларусь таксама гатовая падзяліцца з Казахстанам назапашаным досведам інавацыйна-прамысловага развіцця. «Нам ёсць што прапанаваць казахстанскаму боку», — сказаў прэм’ер-міністр, перадае БелТА.
Па словах Сяргея Сідорскага, у Беларусі штогод ствараецца каля 400 новых вытворчых тэхналогій, значная частка якіх рэалізуецца ў перадавых галінах: вялікагрузным аўтамабілебудаванні, станка-і трактарабудаванні, хімічнай прамысловасці, фармацэўтыцы, будаўніцтве. 
«Беларусь з вялікай цікавасцю ставіцца да рэформаў, накіраваных на замацаванне і ўзмацненне ролі Казахстана як магутнага эканамічнага цэнтра ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне і на прасторах СНД, што праводзяцца ў краіне», — адзначыў прэм’ер-міністр, дадаўшы, што Беларусь «падтрымлівае планы па правядзенні фарсіраванай індустрыялізацыі Казахстана за кошт рэалізацыі цэлага шэрагу маштабных інфраструктурных праектаў». 
Па словах Сяргея Сідорскага, у 2009 годзе быў падпісаны важны дакумент — «дарожная карта» двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2010-2011 гады, якая вызначае мерапрыемствы па развіцці супрацоўніцтва на сярэднетэрміновую перспектыву. У дакуменце найбольш перспектыўнымі кірункамі эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Казахстана былі вызначаны горназдабыўная прамысловасць, аграпрамысловы комплекс і машынабудаванне.
Сідорскі: Беларусь і Казахстан рыхтуюць каля 30 сумесных праектаў 
Беларускі прэм’ер таксама паведаміў, што ў рознай стадыі прапрацоўкі знаходзіцца каля 30 новых сумесных праектаў Беларусі і Казахстана. «У іх ліку стварэнне вытворчасцяў кар’ернай і сельскагаспадарчай тэхнікі, прадукцыі харчовай прамысловасці, мінеральных угнаенняў», — расказаў Сяргей Сідорскі. 
Пры гэтым кіраўнік беларускага ўрада нагадаў, што на тэрыторыі Казахстана дзейнічаюць беларускія зборачныя вытворчасці трактароў, збожжапрыбіральных камбайнаў, прэс-падборшчыкаў, паўпрычэпаў і рухавікоў.
Беларусь плануе распрацоўваць радовішчы калійных соляў у Казахстане 
Акрамя таго, Сяргей Сідорскі паведаміў, што беларускі бок плануе ўдзельнічаць у распрацоўцы радовішчаў калійных соляў у Казахстане. Па словах прэм’ер-міністра, найбольш маштабны з разгляданых і планаваных да рэалізацыі двума бакамі праектаў — засваенне Жылянскага і Чалкарскага радовішчаў калійных соляў, рэалізацыя якога дазволіць стварыць у Казахстане практычна новую падгаліну хімічнай прамысловасці.
«Беларусь займае ялідарскія пазіцыі ў сусветнай вытворчасці ў гэтай вобласці, — адзначыў Сяргей Сідорскі. — Мы ўводзім новыя вытворча-тэхналагічныя магутнасці ў сябе на шахтах. Нашыя шахты маюць самы сучасны тэхналагічны ўзровень падрыхтоўкі вытворчасцяў, горназдабыўное і горнаруднае абсталяванне, а таксама тэхналогіі ўмацавання шахтаў». 
Па словах Сяргея Сідорскага, беларускія тэхналогіі выканання тэхнікі бяспекі на шахтах адпавядаюць сусветным стандартам і гэтыя тэхналогіі Беларусь гатовая перадаць Казахстану.

Как вам новость?
Головоломки