Сідорскі: Латвія для Беларусі важны партнёр у транзітнай сферы

23.09.2010 17:29
Архив Редакция

Беларусь разглядае Латвію як добрага і надзейнага партнёра, у тым ліку ў транспартнай і транзітнай сферах. Пра гэта 23 верасня на адкрыцці беларуска-латвійскага інвестыцыйнага форуму "Балтыйскі рэгіён-2010" паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

Прэм’ер-міністр Беларусі паведаміў, што ў розны час таваразварот Беларусі і Латвіі складаў ад 1,5 млрд. даляраў да двух мільярдаў даляраў. «Нават у посткрызісны час наш таваразварот перавысіў 500 млн. даляраў», — адзначыў Сяргей Сідорскі.

Па словах Сяргея Сідорскага, Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з дзелавымі коламі Латвіі. Прэм’ер-міністр адзначыў, што дадатковыя магчымасці для замежных кампаній адкрываюцца дзякуючы Мытнаму саюзу Беларусі, Расіі і Казахстана, бо грузы з балтыйскіх краін могуць свабодна, без выняткаў і абмежаванняў, перамяшчацца па тэрыторыі саюза, перадае БелТА.

Гаворачы аб сумесных праектах з Латвіяй, прэм’ер-міністр Беларусі падкрэсліў, што ў цяперашні час іх рэалізуецца досыць шмат. Так, напрыклад, у Латвіі стварылі сумеснае прадпрыемства па выпуску трактароў. Сёлета там плануюць вырабіць 300 адзінак тэхнікі, а ў найбліжэйшай будучыні мяркуецца павялічыць аб’ём да тысячы адзінак.

Беларускі прэм’ер таксама нагадаў, што ў цяперашні час Беларусь сумесна з латвійскімі партнёрамі выконвае праект «Зубр». У рамках гэтага праекту кантэйнерны цягнік перавозіць грузы па маршруце Мінск — Рыга з выхадам у Эстонію.

Акрамя таго, Сяргей Сідорскі адзначыў, што Беларусь паспяхова «падхоплівае» грузапатокі з азіяцкіх краін. У сувязі з гэтым галоўная задача сёння для краіны заключаецца ў тым, каб арганізаваць іх паспяховую транспарціроўку ў дзяржавы Еўрасаюза. «За апошні час беларускія экспарцёры прыкметна палепшылі лагістыку і цяпер сучаснымі цягнікамі «праганяюць грузы» за 15-20 сутак, што раней займала значна больш часу», — адзначыў беларускі прэм’ер-міністр.

Как вам новость?