Сідорскі: пастаўкі венесуэльскай нафты праз Літву — пытанне камерцыі

30.04.2010 17:20
Архив Редакция

Пытанне паставак нафты з Венесуэлы ў Беларусь праз Клайпеду знаходзіцца ў камерцыйнай плоскасці. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 30 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Літвы Андрусам Кубілюсам.

«У хуткім часе ўзважым усе камерцыйныя за і супраць перавалкі нафты праз Клайпедскі порт», — паведаміў Сяргей Сідорскі. «Літоўскі порт Бутынге працуе на прыём нафты на «Мажэйкяй», прапускная здольнасць забяспечана цалкам. Порт Клайпеды не працуе на ход нафтапрадуктаў», — цытуе прэм’ер-міністра БелТА.

У той жа час Андрус Кубілюс заявіў, што Літва гатовая дапамагчы Беларусі імпартаваць нафту з Венесуэлы, у прыватнасці, падзяліцца тэхналагічнымі напрацоўкамі па імпарце нафты марскім шляхам. Па інфармацыі БелаПАН, прэм’ер-міністр Літвы паведаміў, што падчас сустрэчы з Сідорскім яны «шмат казалі пра супрацоўніцтва ў вобласці транспартавання нафты і сумесных стратэгічных праектаў».

Сяргей Сідорскі не паведаміў, калі плануецца пастаўка другой партыі венесуэльскай нафты, паколькі «гэта ж не гульня, а сур’ёзны бізнэс». «Перапрацуем першую партыю нафты, паглядзім усю лагістыку, абярэм шлях і будзем прымаць наступны танкер», — заявіў Сяргей Сідорскі.

Как вам новость?