Сідорскі патрабуе паскорыць развіццё бізнэсу ў правінцыі

24.08.2010 14:22
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі запатрабаваў ад урада і мясцовых уладаў актывізаваць працу па развіцці бізнэсу ў малых і сярэдніх гарадах. Пра гэта прэм'ер заявіў 24 жніўня на паседжанні прэзідыума Савета міністраў. "У цэлым у рэспубліцы створаны неабходныя ўмовы для паспяховага развіцця бізнэсу, зроблена нямала крокаў па лібералізацыі эканомікі", — адзначыў Сяргей Сідорскі.

«Аднак калі ў буйных гарадах, абласных цэнтрах дзелавая актыўнасць расце, то ў малых і сярэдніх паселішчах бізнэс развіваецца пакуль недастатковымі тэмпамі», — адзначыў прэм’ер-міністр, перадае БелТА.

Сяргей Сідорскі, звяртаючыся ў першую чаргу да кіраўнікоў аблвыканкамаў, падкрэсліў: «Сёння займацца толькі агульнымі падыходамі недапушчальна. Трэба спускацца на месцы і паглядзець, чаму там бізнэс не развіваецца. Пакуль на месцах толькі ўтрыманскія настроі. Разам з тым відавочна, што ў рэгіёнах Беларусі дастаткова актыўных дзелавых людзей і ім трэба даць магчымасць будаваць свой бізнэс».

Для вырашэння гэтых пытанняў Сяргей Сідорскі прапанаваў мясцовым уладам больш актыўна размаўляць з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасці, прадпрымальнікамі, якія працуюць у малых і сярэдніх гарадах, паколькі яны на падставе свайго досведу могуць даць слушныя парады па ўдасканаленні нарматыўнай базы, а таксама па іншых пытаннях арганізацыі бізнэсу. «Збярыце бізнэс, паглядзіце, чаму не будуюцца кавярні, рэстараны, аб’екты прыдарожнага сэрвісу, сядзібы. Магчыма, варта паглядзець, што не так з дакументамі. Трэба з бізнэсам абмяркоўваць гэтыя пытанні», — сказаў Сяргей Сідорскі.

Акрамя таго, на паседжанні прэзідыума Саўміна былі разгледжаны вынікі выканання ў першым паўгоддзі 2010 года Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007-2010 гады. Беларускі прэм’ер адзначыў, што вынікі рэалізацыі праграмы ў гэтым годзе гавораць аб тым, што пакуль яшчэ не ўсе ўсведамляюць адказнасць за выкананне праграмы.

Как вам новость?