Сідорскі расказаў Лукашэнку аб поспехах беларускай эканомікі

15.10.2010 09:38
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падчас дакладу прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку распавёў аб развіцці эканомікі краіны за дзевяць месяцаў 2010 года. Па дадзеных кіраўніка ўрада, прагнозы выконваюцца па росце валавага ўнутранага прадукту, прамысловасці, экспарце, а таксама ў сферы будаўніцтва жылля.

Так, рост унутранага валавага прадукту склаў 6,6% да ўзроўню ВУП мінулага года за аналагічны перыяд, значныя тэмпы росту дэманструе прамысловасць, дадаўшы больш за 10%. У знешнім гандлі тэмпы росту экспарту апярэджваюць тэмпы росту імпарту на 3%. Выконваюцца заданні па будаўніцтве жылля: за дзевяць месяцаў уведзена больш за пяць мільёнаў квадраных метраў, праінфармаваў Сяргей Сідорскі.

Па словах прэм’ера, урад прымае ўсе меры для таго, каб выканаць сацыяльныя гарантыі па ўзроўни заработнай платы. «Сёння ў эканоміцы ёсць магчымасці для таго, каб за кошт зніжэння матэрыялаёмістасці, энергаёмістасці, укаранення новых тэхналагічных мерапрыемстваў, выйсці на ўзровень заработнай платы ў 500 даляраў у эквіваленце, забяспечыўшы пры гэтым рост прадукцыйнасці працы больш за 9%», — запэўніў кіраўнік урада Беларусі.

Дзяржава выконвае ўсе сацыяльныя абавязацельствы па выплаце пенсій, дапамог, а таксама іншых відах сацзабеспячэння, дадаў прэм’ер-міністр.

Лукашэнка незадаволены малым прыростам інвестыцый

У сваю чаргу прэзідэнт Беларусі выказаў незадаволенасць недастаткова актыўнай працай ўрада ў сферы прыцягнення ў краіну інвестыцый, прырост якіх за дзевяць месяцаў склаў не больш за 10% пры гадавым заданні 25%.

Прэм’ер-міністр даклаў, што лічыць гэта магчымым, паколькі ў краіне вельмі высокая ступень гатоўнасці інвестыцыйных аб’ектаў, увод якіх плануецца ў лістападзе-снежні.

Урад упэўнены ў тым, што эканоміка да канца года значна дадасць ў росце ВУП да наяўнага на сёння ўзроўню, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Па дадзеных Сяргея Сідорскага, найбольш неспрыяльная сітуацыя склалася ў гэтым годзе ў сельскай гаспадарцы. Страты ў раслінаводстве з-за прыродных катаклізмаў склалі прыкладна 30% ад тых вынікаў, якія планаваліся па годзе.

У той жа час інфляцыя ў краіне знаходзіцца на ўзроўні 6,8%, г.зн. ў межах запланаваных па годзе параметраў.

Как вам новость?